Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2  » Том II  » МАТФЕЙ КРЫЦУК 

МАТФЕЙ КРЫЦУК

[Матфей Аляксандравіч; 1892, в. Карацк (Малы Карацк) Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер Клецкі р-н Мінскай вобл. — канец 1950 (?), ГУЛАГ], свяшчэннамучанік. Протаіерэй. Беларус. З сялянскай сям’і. У 1905 скончыў пачатковую школу. У снеж. 1914 пасля працяглай самаадукацыі вытрымаў іспыт на званне народнага настаўніка. У 1921 паступіў у Віленскую духоўную семінарыю. 23.3.1924 рукапаложаны ў іерэя. Служыў у Мікалаеўскім храме мяст. Ястрабель Навагрудскага пав., цяпер Бярозаўскі р-н Брэсцкай вобл., Пакроўскай царкве мяст. Крывошын Навагрудскага пав., цяпер Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл., храме ў гонар Сергія Раданежскага в. Мілавіды Навагрудскага пав., цяпер Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл. У снеж. 1932 прызначаны настаяцелем Крыжаўздзвіжанскай царквы в. Вялікая Лысіца (Лысіца) былога Навагрудскага пав., цяпер Нясвіжскі р-н Мінскай вобл. З-за нязгоды з  увядзеннем польскай мовы ў набажэнства знаходзіўся пад наглядам паліцыі. У 1938 сумесна з прыхаджанамі наладзіў святкаванне 950-годдзя хрышчэння Русі, з-за чаго на яго польскімі ўладамі заведзена следчая справа. Пасля 17.9.1939 пад наглядам НКВД. Ад арышту К. выратаваў пачатак 2-й сусветнай вайны. Падчас нямецкай акупацыі служыў у сваёй царкве. Меў вялікі аўтарытэт сярод вернікаў. Арыштаваны 28 (або 29) ліп. 1950. Абвінавачваўся ў«прыналежнасці да БНС» і ў «захоўванні забароненай рэлігійна-філасофскай літаратуры». 13.10.1950 судовай калегіяй па крымінальных справах Баранавіцкага абл. суда асуджаны дa 25 гадоў ППК і 5  гадоў пазбаўлення правоў з  канфіскацыяй маёмасці. Этапаваны ў адзін з канцлагераў ГУЛАГа. Загінуў у зняволенні. Рэабілітаваны 10.9.1993 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда Беларусі. Асабовая справа К. № 35639-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. У 1999 Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы далучаны да ліку новапакутнікаў.

Літ.: Житія и Жизнеописанія новопрославленныхъ святых и Подвижниковъ Благочестія, въ Русской Православной Церкви просіявшихъ (отъ царствованія царя-мученика Николая II Александровіча і до нашихъ дней). СПб., 2001. Т. 2 (августъ-декабрь); Жития священномучеников Минской епархии; Архіў Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, ф. 1, в. 2.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".