Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2  » Том II. Дадатак  » ТАНКАВІТ (ТОНКОВИТ) Фёдар Канстанцінавіч 

ТАНКАВІТ (ТОНКОВИТ) Фёдар Канстанцінавіч

[1885, в. Забелле Віцебскай губ. — 7.8.1942]. З сялянскай сям’і. Маці Т. памерла рана, і бацька аддаў сына на выхаванне ў Маркаў Свята-Троіцкі першакласны мужчынскі манастыр у Віцебску. Скончыў духоўную семінарыю. Ажаніўся з Еўфрасінняй Андрэеўнай (1893—1973). Рукапаложаны ў дыякана, іерэя (1911). Служыў у прыходзе каля Невеля Віцебскай губ., потым ва Успенскай царкве в. Белахвостава Невельскага пав. Удзельнічаў у выступленні сялян супраць савецкай улады (1918), якое было жорстка падаўлена, але святару ўдалося пазбегнуць расправы. У 1920 у сям’і нарадзіўся сын (імя невядома), у 1924 дачка Ніна. У 1929 у Т. канфіскавалі дом і маёмасць, а яго перавялі служыць у Пакроўскую царкву в. Стайкі Невельскага р-на. Арыштаваны ў верас. 1932. Вывезены ў турму АДПУ ў Вялікіх Луках. На судзе святару прапанавалі адрачыся ад Бога ці перайсці ў абнаўленцтва, але ён адмовіўся. Асуджаны калегіяй АДПУ 22.11.1932 да 5 гадоў пазбаўлення волі. Этапаваны ў Паўночны край (Каргопаль). Сям’я святара пераехала ў Віцебск. Вызвалены ўвосень 1937. Прыехаў да сям’і, працаваў на абутковай фабрыцы. Увосень 1941 прызначаны ў Свята-Троіцкі храм былога Маркава манастыра. У 1942 па запрашэнні прыхаджан пераехаў служыць ва Успенскую царкву в. Ловец Невельскага р-на. У пачатку жн. 1942 да святара прыехала жыхарка в. Ступішча таго ж р-на і папрасіла пасабораваць і прычасціць яе хворага дзядзьку. Дачка Ніна, адчуваючы небяспеку, прасіла бацьку не ехаць, але ён адказаў, што не можа адмовіць жанчыне ў такі цяжкі для яе час. Па дарозе святар убачыў сямёра ўзброеных людзей, якія перагарадзілі дарогу. Святара распранулі, звязалі і доўгі час катавалі, а перад тым як застрэліць выкалалі вочы. Праз 6 дзён прыхаджане знайшлі знявечанае цела святара і пахавалі яго каля алтара Ловецкай царквы.

Кр.: Псковский синодик пострадавших за веру Христову в  годину гонений священноцерковнослужителей, монашествующих и мирян Псковской епархии ХХ столетия. Москва — Псков, 2005.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".