Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.Том 2 » Том II. Дадатак » ЕЛЯНЕЎСКІ (ЕЛЕНЕВСКИЙ) Уладзімір
[7.6.1872 ці 7.6.1874, в. Плоскае Веліжскага пав. Віцебскай губ., цяпер Смаленская вобл., Расія — 8.4.1954, Віцебск], праваабаронца. Беларус. Сын протаіерэя Мікалая Елянеўскага . Скончыў Віцебскае духоўнае вучылішча (1890), Віцебскую духоўную семінарыю (1896), Імператарскі Юр’еўскі ун-т (1904) (цяпер у Тарту, Эстонія). Працаваў следчым Віцебскага акруговага суда ў Дзвінску Віцебскай губ. (цяпер Даўгапілс, Латвія) і Дрысе Віцебскай губ. (з 1962 Верхнядзвінск Віцебскай вобл.). Ажаніўся з Верай Віктараўнай, гадаваў сына і дзвюх дачок. У 1917 у сувязі з набліжэннем лініі фронта пераехаў з сям’ёй у Віцебск. Вярнуўся на пасаду следчага Віцебскага акруговага суда. Жонка Е. ўладкавалася настаўніцай у школу № 28 першай ступені. У 1919 выбраны ў епархіяльнае ўпраўленне Полацка-Віцебскай епархіі. Пасля яго закрыцця (1921) служыў у Віцебскай гарадской управе, потым следчым-інструктарам губернскага крымінальнага вышуку. Арыштаваны і 9.9.1922 прыгавораны да года зняволення. Жонку Е. асудзілі на той жа тэрмін (умоўна). Неўзабаве пасля прысуду яна памерла. 29.11.1922 Е. быў вызвалены датэрмінова. Да 1.10.1925 — народны следчы Віцебскага павятовага бюро юстыцыі. Пасля звальнення спрабаваў уладкавацца (лют. 1926) у органы юстыцыі Крыма, але беспаспяхова. Займаўся прыватнай юрыдычнай дзейнасцю. У 1926 зноў выбраны ў епархіяльны савет Полацка-Віцебскай епархіі. Паўторна арыштаваны 1.6.1931 у Віцебску па адрасе: вул. 1-я Ветраная, д. 25. Пад следствам знаходзіўся ў Віцебскай унутранай турме АДПУ. Абвінавачваўся ў «правядзенні антысавецкай агітацыі» і ва «ўдзеле ў групе «Ісціна-Праваслаўная Царква». 14.7.1932 пастановай калегіі АДПУ вызвалены з-пад аховы, але пазбаўлены правоў жыць у 12 вызначаных месцах і на Урале. Высланы ў Арлоўскую вобл. Вызвалены ў 1934. Вярнуўся у Віцебск. Падчас 2-й сусветнай вайны заставаўся на акупаванай тэрыторыі. Выбраны членам акруговага благачыннага ўпраўлення, выкладаў на пастырскіх курсах пры Полацка-Віцебскай епархіі. У пасляваенны час па просьбе мітрапаліта Мінскага і Беларускага Піцірыма (Свірыдава) напісаў нарыс па гісторыі Віцебскай епархіі 1920—30-х г. Рэабілітаваны пракуратурай Віцебскай вобл. 12.9.1989. Асабовая справа Е. захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл.
Кр.: БНДЦЭД; www.petergen.com; Преображение. № 11 (150), ноябрь, 2006.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.