Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.  » Том I  » ІААН ( ПАШЫН ) 

ІААН ( ПАШЫН )

[Іван Дзімітрыевіч; 8.5.1881, Петрыкаў Мазырскага пав. Мінскай губ., цяпер райцэнтр Гомельскай вобл. — 11.3.1938, Чыб’ю, Комі АССР, ГУЛАГ], свяшчэннамучанік, епіскап. Беларус. Сын Дзімітрыя Пашына* . У  дзяцінстве застаўся без бацькі і выхоўваўся ў сям’і свайго дзеда па матчынай лініі протаіерэя Васілія Завітневіча** . На выдатна скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча (1895), у ліку лепшых (з Аляксандрам Шалаем) Мінскую духоўную семінарыю (1901). 21.10.1901 рукапаложаны ў дыякана, 22.10.1901 у іерэя. Прызначаны другім святаром Пакроўскага храма в. Князь-Возера Мазырскага пав., цяпер в. Чырвонае Возера Салігорскага р-на Мінскай вобл. З 1.1.1902 выкладаў у народным вучылішчы ў суседняй в. Дзякавічы Мазырскага пав. Мінскай губ., цяпер Жыткавіцкі р-н Гомельскай вобл. 15.2.1903 замяніў свайго дзеда на пасадзе настаяцеля Мікалаеўскай царквы. З 1.10.1905 настаўнік Скрыгалаўскай царкоўна-прыходскай, з 1.10.1906 суседняй Лешненскай школ, з 1.1.1907 — Скрыгалаўскага народнага вучылішча. З 17.6.1909 служыў у Георгіеўскім храме в. Прылепы Мінскага пав., цяпер Мінскі р-н, выкладаў у Ізбіцкай царкоўна-прыходскай школе Мінскага пав. Узнагароджаны набедранікам (1903), медалём у памяць руска-японскай вайны 1904—05, скуф’ёй (1909), медалём у памяць пра 25-годдзе існавання царкоўна-прыходскіх школ (1909), св. Бібліяй ад Свяцейшага Сінода (1912). Жонка Антаніна Васілеўна н.  18.5.1883 у Вышнім Валачку Цвярской губ. ў сям’і купца. Скончыла Мінскую Марыінскую гімназію. Гадавала дачку Надзею (21.9.1902), сына Васіля (10.6.1907). З 17.8.1916 І. вучыўся ў Петраградскай, з 1917 у Маскоўскай духоўных акадэміях. Аўдавеў. 7.4.1923 у Мінскім Петра-Паўлаўскім кафедральным саборы хіратанісаны ў епіскапа Мазырска-Тураўскага, вікарыя Мінскай епархіі. Арыштаваны 26.3.1926. Асуджаны 18.9.1926 да 3 гадоў пазбаўлення волі. Высланы ў мяст. Зыранскае Томскай вобл. (?). Пасля вызвалення жыў у Рыльску Курскай вобл. Прызначаны епіскапам Рыльскім, вікарыем Курскай епархіі. Паўторна арыштаваны 28.9.1932. Прыгавораны да 10 гадоў ППК. Этапаваны ва Ухта-Пячорскі канцлагер НКВД Комі АССР. 2.12.1937 абвінавачаны ў правядзенні «антысавецкай агітацыі сярод зняволеных» і 5.1.1938 лагернай тройкай УНКВД па Архангельскай вобл. асуджаны да ВМП. Расстраляны. У жн. 2000 на Юбілейным саборы РПЦ праслаўлены ў ліку новамучанікаў.

Кр.: Описание церквей и приходов Минской епархии; Минские Епархиальные Ведомости; Памятная книжка Минской губернии; Памятная книжка Минской епархии; Личный состав епархиального управления; НГАБ, ф. 136, в. 1, с. 41145; НГАБ, ф. 2786, в. 1, с. 67; Их страданиями очистится Русь. М., 1996. С.  68; Покаяние; Кривонос Ф. свящ., Щеглов Г. Священномученик Иоанн (Пашин) епископ Мозырско-Туровский (1923—1926) и Рыльский (1929—1932). Мн., 2004; www.fond.ru.


* Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, рукапаложаны ў?іерэя (1873). Служыў памочнікам настаяцеля Уваскрасенскага храма ў Петрыкаве Пятра Салаўёва. 4.11.1881 пераведзены ў Параскева-Пятніцкую царкву в. Сіманічы Мазырскага пав., цяпер Лельчыцкі р-н Гомельскай вобл. Памёр у 1883 (?).
** Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, рукапаложаны ў?іерэя (1851). Да 1903 настаяцель Мікалаеўскага храма ў мяст. Скрыгалаў Мазырскага пав., цяпер в. Скрыгалава Мазырскага р-на Гомельскай вобл. Узнагароджаны камілаўкай, нагрудным крыжам, ордэнам Святой Анны 2-й ступені (да 1901)


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".