Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.  » Том I  » ІААН ВАРАНЕЦ 

ІААН ВАРАНЕЦ

[Іван Васілевіч; 20.6.1864, мяст. Халопенічы Барысаўскага пав. Мінскай губ., цяпер Крупскі р-н Мінскай вобл. — 19.8.1937, Мінск, турма НКВД], свяшчэннамучанік. Протаіерэй, сын Васілія Варанца* . Пасля сканчэння Мінскай духоўнай семінарыі служыў псаломшчыкам у Спаса-Праабражэнскім храме в. Скіп’ёва Слуцкага пав., цяпер Капыльскі р-н Мінскай вобл. Рукапаложаны ў іерэя (25.3.1888) і прызначаны ў  Міхайлаўскую царкву в. Людзяневічы Мазырскага пав. Мінскай губ., цяпер Жыткавіцкі р-н Гомельскай вобл. З 1891 настаяцель Троіцкага, з 1905 — Георгіеўскага храмаў у мяст. Смілавічы Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер Чэрвеньскі р-н Мінскай вобл., у 1920-я г. благачынны цэркваў 1-й акругі Ігуменскага пав. Узнагароджаны набедранікам (да 1901), залатым нагрудным крыжам (1912). 11.8.1914 духавенствам 1-й акругі Ігуменскага пав. выбраны дэпутатам на епархіяльны з’езд. Падчас 1-й сусветнай вайны за духоўнае выхаванне салдат узнагароджаны ордэнам св. Анны 2-й ступені. Арыштаваны 16.2.1930. Абвінавачваўся ў «неаднаразовых выказваннях супраць палітыкі партыі». 18.4.1930 асобай нарадай пры АДПУ асуджаны дa 3 гадоў высылкі ў Чарнігаў з пазбаўленнем правоў жыць у 12 вызначаных месцах. Пасля ссылкі вярнуўся ў Смілавічы. Выконваць святарскія абавязкі станавілася ўсё складаней. В. неаднаразова выклікалі ў органы НКВД. У 1935 зачынена царква, і святар вымушаны тайна ладзіць службы па дамах прыхаджанаў. Падчас Усесаюзнага перапісу насельніцтва 1937 заклікаў вернікаў не баяцца ўладаў і запісвацца ў анкетах хрысціянамі. Зноў арыштаваны 17.7.1937. Падчас допытаў вінаватым сябе не прызнаў. Асуджаны 12.8.1937 са святаром Міхаілам Плышэўскім і інш. тройкай НКВД за «антысавецкую агітацыю» дa ВМП. Расстраляны. Па першай справе (№ 29754-с) рэабілітаваны пракуратурай Мінскай вобл. 12.12.1989, па другой (№ 21673-с; захоўваецца з фотаздымкам у архіве КДБ Беларусі) пракуратурай БССР 31.3.1989. У 1999 Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы кананізаваны і далучаны да ліку святых новапакутнікаў.

19.2.1930 у в. Пушкава Смілавіцкага р-на Мінскай вобл. арыштаваны Варанец Сяргей (н. ў 1891 у мяст. Смілавічы, скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1913), сын Іаана Варанца. Падчас арышту працаваў юрыстам, гадаваў двое дзяцей. 18.4.1930 калегіяй АДПУ асуджаны з бацькам за «антысавецкую агітацыю» да высылкі за межы БССР. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 28.12.1989 пракуратурай Мінскай вобл.

Кр.: Описание церквей и приходов Минской епархии; Памятная книжка Минской губернии; Памятная книжка Минской епархии; НГАБ, ф. 2786, в. 1, с. 67; Житія и Жизнеописанія новопрославленныхъ святых и Подвижниковъ Благочестія, въ Русской Православной Церкви просіявшихъ (отъ царствованія царя-мученика Николая II Александровіча і до нашихъ дней). Санктъ-Петербургь, 2001. Т. 2 (августъ-декабрь); Жития священномучеников Минской епархии.


* Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, рукапаложаны ў іерэя (1861). У 1870—1910-я г. настаяцель Успенскай царквы в. Забелы Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер Слуцкі р-н Мінскай вобл. Узнагароджаны камілаўкай, нагрудным крыжам.

 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".