Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967.  » Том I  » ДЗІМІТРЫЙ ПАЎСКІ 

ДЗІМІТРЫЙ ПАЎСКІ

[16.1.1874, в. Максаціха Цвярской губ., Расія — 14.8.1937, НКВД], свяшчэннамучанік, протаіерэй, сын святара Аляксандра Паўскага, брат Грыгорыя Паўскага. Скончыў Казанскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя (1899). Выкладаў арыфметыку, геаметрыю, рускую мову ў епархіяльным жаночым вучылішчы ў Ржэве Цвярской губ., у народных вучылішчах Наўгародскай губ., Расія. Рукапаложаны ў протадыякана, святара (20.11.1903). Накіраваны ў Мінск. Служыў павятовым назіральнікам царкоўна-прыходскіх школ горада. У 1904—08 старшыня Мінскага епархіяльнага вучылішчнага савета. З 1910 настаяцель Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабора ў Мінску, назіральнік царкоўна-прыходскіх школ пры саборы. Адначасова выкладаў у Мінскай духоўнай семінарыі дагматычнае і асноўнае багаслоўе, гісторыю і інш., Мінскай жаночай гімназіі. З 1912 дэпутат ад духоўнага ведамства ў Губернскае земскае таварыства, член Мінскай духоўнай кансісторыі. З 1917 служыў у  Свята-Духавым храме ў Астрашыцкім Гарадку Мінскага пав. Узнагароджаны скуф’ёй (1905), камілаўкай (1908), нагрудным крыжам (1909). У 1920—23 пазбаўлены выбарчых правоў. У  сярэдзіне 1920-х г. настаяцель (паводле звестак, якія захоўваюцца ў  НГАБ) Успенскай царквы в. Крыжагор’е Мінскага пав., цяпер тэрыторыя рэспубліканскага спартыўнага комплекса «Раўбічы». Быў прыхільнікам утварэння Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, прымаў удзел у з’ездзе духавенства і вернікаў Мінскай епархіі (Мінск, 9—10.7.1927). У першы раз арыштаваны ў 1931. Абвінавачваўся ў «агітацыі супраць калгасаў» і ў  «нежаданні адмовіцца ад сана». Асуджаны да 5 гадоў ППК. Пасля датэрміновага вызвалення (1933) служыў у храме с.  Ульянаўскае (Ульянава) Пагарэльскага р-на Цвярской (Калінінскай) вобл. Зноў арыштаваны 23.7.1937. Пад следствам знаходзіўся ў турме Зубцова Цвярской вобл. Абвінавачваўся ў «контррэвалюцыйнай шпіёнскай дзейнасці» і «антысавецкай агітацыі». 10.8.1937 тройкай НКВД прыгавораны да ВМП. Расстраляны. Рэабілітаваны 27.4.1989 Цвярской абл. пракуратурай. У 1999 Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы далучаны да ліку святых новапакутнікаў.

29.2.1932 у Мінску арыштаваны Аляксандр Паўскі (н. 1908 у Мінску), сын Дзімітрыя Паўскага. 14.7.1932 асуджаны за «падробку дакументаў вязню, які ўцёк з канцлагера» да 3 гадоў ссылкі ў Казахстан. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 28.2.1992 пракуратурай Беларусі. Асабовая справа Дз. № 33362-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Кр.: Памятная книжка Минской епархии; НГАБ, ф. 2786, в. 1, с.  67; Книга памяти жертв политических репрессий Калининской области; Житія и Жизнеописанія новопрославленныхъ святых и Подвижниковъ Благочестія, въ Русской Православной Церкви просіявшихъ (отъ царствованія царя-мученика Николая II Александровіча і до нашихъ дней). СПб, 2001. Т. 2 (августъ-декабрь); Жития священномучеников Минской епархии; Garbiñski J., Turonek J. Bia³oruski ruch chrześcijański XX wieku.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".