Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967. » Том I » БОРТНІК (БОРТНИК) Георгій Венядзіктавіч
[1910-я г., Дзісенскі пав. Віленскай губ. (?) — 1951, турма МДБ], святар, адзін з арганізатараў і кiраўнiкоў узброенага антысавецкага падполля. З духоўнага саслоўя. У 1947 скончыў пастырскія курсы ў Жыровічах (Слонімскі р-н Гродзенскай вобл.). Падчас 2-й сусветнай вайны сябра СБМ, слухач Альбярцінскай школы СБМ, курсант Мальційскай разведшколы ў Аўстрыі. Пасля яе сканчэння (жн. 1944) у размеркавальным лагеры ў Эгеры (Чэхаславакія), уступіў у БНП. У снеж. 1944 залічаны ў 1-ы кадравы батальён БКА ў Берліне (перад наступам савецкіх войск перадыслацыраваны ў Баварыю). Скончыў падафіцэрскую школу. З крас. 1945 камандзір аддзялення 3-га батальёна дывізіі СС Зіглінга. У маі 1945 трапіў у палон да амерыканцаў. У снеж. 1945 рэпатрыіраваны ў Беларусь. У канцы 1945 — пачатку 1946 з былых сяброў СБМ, якія таксама былі ў Альбярцінскай і Мальційскай школах і сталі там сябрамі БНП, арганізаваў падпольную антысавецкую групу. У яе ўвайшлі Б.Дубна, М.Лялюш, Г.Сташкевіч, М.Столяр. Група мела сувязь з «Саюзам барацьбы супраць камунізма», якім кіраваў Пётр Шыпко. Пасля забойства Шыпко супрацоўнікамі МДБ БССР (1948) узначаліў аб’яднаную арганізацыю. Яна не мела праграмы і статута, яе сябры дзейнічалі ў адпаведнасці з тэзісамі кіраўніка БНП У.Родзькі, апублікаванымі ў № 5 «Бюлетэня БНП». Практычная дзейнасць арганізацыі заключалася ў правядзенні антысавецкай агітацыі сярод мясцовага насельніцтва, дзеля чаго выкарыстоўвалася інфармацыя з радыёперадач «Голаса Амерыкі». Да арышту (у канцы 1950 — пачатку 1951), верагодна, служыў ва Успенскай царкве в. Кавалі Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. У жн. 1951 трыбуналам БВА асуджаны да ВМП. Расстраляны. У 1991 асабовая справа Б. была перагледжана, але рэабілітаваны ён не быў.
Літ.: Валаханович И.А. Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944—1953 гг. Мн., 2002.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.