Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- i царкоўнаслужыцелi Беларусi. 1917-1967. » Том I » АГЛОБЛЕЎ (ОГЛОБЛЕВ) Пётр Якаўлевіч
[1878, Віцебск — 7.10.1937, Віцебск, турма НКВД]. З сям’і нам. начальніка Віцебскай турмы. Скончыў павятовае вучылішча. Да Кастрычніцкага перавароту служыў у Віцебскім акруговым судзе, псаломшчыкам Віцебскага сабора, потым Крыжаўздзвіжанскай царквы на Смаленскіх могілках. Жонка Еўфрасіння Еўлампіеўна працавала на фабрыцы «Сцяг індустрыялізацыі». Сын Аляксандр складальнік раскладу цягнікоў на ст. Фарынава каля Полацка. Дачка Ганна (па мужу-вайскоўцу Шалкіна) жыла ў Харкаве. Сын Павел вучыўся ў Маскве. Арыштаваны 19.9.1937 у Віцебску па адрасе: вул. Кастрычніцкая, д. 50 (паводле інш. звестак 56). Асуджаны 28.9.1937 з 40 свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелямі, актыўнымі прыхаджанамі тройкай НКВД за «дзейнасць у складзе контррэвалюцыйнай арганізацыі» дa ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны 28.7.1956 прэзідыумам Віцебскага абл. суда. Групавая справа А. і інш. № 3040 П/51 захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл.
28.12.1930 у Віцебску па адрасе: вул. Караваеўская, д. 20 арыштаваны служачы Віцебскай чыгункі Аглоблеў Уладзімір Якаўлевіч (н. ў 1883 у Віцебску), брат Пятра Аглоблева. Разам з ім па адной справе праходзілі Якаў Дзямідаў (н. ў 1881), Міхаіл Іваноў (1875), Аляксей Маслякоў (1888), Ягор Селязнёў (1883), Яфім Стэльмакоў (1882), Іван Халсціннікаў (1876). 11.1.1931 калегіяй АДПУ асуджаны за «антысавецкую агітацыю» да ВМП і расстраляны. Дата смерці невядома. Рэабілітаваны 25.12.1989 пракуратурай Віцебскай вобл. Групавая справа У.Аглоблева і інш. № 17192-п захоўваецца ў архіве УКДБ Віцебскай вобл.
Кр.: Памятная книжка Витебской губернии; Афіцыйны сайт Віцебскай епархіі; НАРБ, ІКБР.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.