Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том III. Кнiга II  » СУЛЬКЕВІЧ Мацей Аляксандравіч 

СУЛЬКЕВІЧ Мацей Аляксандравіч

[8(20).6.1865, маёнтак Кемейшы Лідскага пав., цяпер вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. — 15.7.1920], военачальнік, дзеяч татарскага нацыянальнага руху. Генерал-лейтэнант (1915). З татарскіх дваран Беларусі, патомных ваенных. Скончыў Варонежскі кадэцкі корпус (1886), Міхайлаўскае артылерыйскае вучылішча (1889), акадэмію Генштаба (1894). Удзельнік задушэння паўстання іхэтуаняў у Кітаі ў 1900—02. У руска-японскую вайну 1904—05 начальнік штаба 15-й пяхотнай дывізіі, камандзір пяхотнага палка, узнагароджаны залатой шабляй «За храбрасць». У 1-ю сусветную вайну начальнік штаба 7-га пяхотнага корпуса, начальнік 33-й пяхотнай дывізіі, камандуючы 37-м корпусам. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 наладзіў сувязь з ЦК мусульманскіх вайсковых арганізацый «Аскеры Шуро» (Казань), сфарміраваў на Румынскім фронце 1-ы Асобны мусульманскі корпус. У чэрв.—ліст. 1918 прэм’ер-міністр, міністр унутраных і ваенных спраў Крымскага краявога ўрада, які абапіраўся на падтрымку Германіі і Турцыі. Вядомы ў Крыме як Сулейман-п а ш а. Імкнуўся склікаць Крымскі курултай, які б абвясціў стварэнне Крымска-татарскай дзяржавы. У ліст. 1918, калі ў Крым пасля адыходу германскіх войск уступіла расійская Добраахвотніцкая армія, Крымскі ўрад спыніў існаванне, а С. выехаў у Баку. У снеж. 1918 — крас. 1920 начальнік Генеральнага штаба ўзброеных сіл Азербайджанскай Дэмакратычнай рэспублікі. Арганізоўваў азербайджанскую нацыянальную армію, садзейнічаў заключэнню перамір’я паміж Азербайджанам і Грузіяй (чэрв. 1919). Пасля прыходу ў Баку Чырвонай арміі арыштаваны і расстраляны за «контррэвалюцыйную дзейнасць».

Літ.: ЭГБ, т. 6—1.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".