Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том III. Кнiга II » ПРАШКОВIЧ Мікалай Іванавіч
[4.5.1932, в. Гарадзішча Бярэзінскага р-на — 2.2.1983, там жа], літаратуразнавец, крытык, перакладчык. У 1952 скончыў Сялiбскую СШ Бярэзiнскага р-на, у 1957 фiлалагічны ф-т БДУ. Тры гады працаваў настаўнiкам у розных школах Беларусi. У 1960 паступiў у аспiрантуру пры Iнстытуце лiтаратуры iмя Янкi Купалы АН БССР. Спецыялiзаваўся па старажытнай бел. лiтаратуры, затым працягваў вучобу ў Ленiнградзе. Пасля сканчэння ў 1963 аспiрантуры працаваў малодшым, а з 1969 старшым навуковым супрацоўнiкам Iнстытута лiтаратуры. У 1965 абаранiў дысертацыю па творчасцi Сiмяона Полацкага. Некаторыя яго выступленнi ў друку вылучалiся асаблiвай палемiчнай завостранасцю i атрымалi шырокi грамадскi рэзананс у Беларусi. Так, рэцэнзiя П. на кнiгу А.Коршунава пра Афанасiя Фiлiповiча (Полымя. 1965. № 12) выклiкала рэзка адмоўную рэакцыю галоўнага афiцыёзнага гiсторыка Л.Абэцэдарскага, ягоных аднадумцаў i паслужыла ў 1966 падставай для спецыяльнай навуковай дыскусii ў Акадэмii навук па пытаннях бел. дзяржаўнасцi, ацэнцы ролi царкоўна-рэлiгiйнай унii i iнш. П. сябраваў з многiмi патрыятычна настроенымi бел. пiсьменнiкамi i навукоўцамi, асаблiва з Л.Генiюш, з якой перапiсваўся i якую наведваў у Зэльве. Наладзiў сувязi з украiнскiмi патрыётамi. Калi ў пачатку 1970-х г. некаторыя з iх (М.Кацюбiнская, З.Франко) былi абвiнавачаны ў нацыяналiзме i пазбаўлены работы, П. збiраў сродкi на дапамогу ўкраiнскiм сябрам. Даверлiвы, адкрыты i залiшне эмацыянальны П. быў выкарыстаны спецорганамi, пад пiльным наглядам якiх знаходзiўся, для дыскрэдытацыi некаторых нацыянальных патрыётаў, фабрыкацыi справы i выкрыцця ў 1973—74 «гнязда беларускiх нацыяналiстаў» у АН БССР, у вынiку чаго пацярпела цэлая група бел. навукоўцаў. Па абвiнавачаннi ў бел. нацыяналiзме ў 1974 П. быў звольнены з работы ў АН БССР. Пэўны час заставаўся беспрацоўным, затым працаваў грузчыкам, карэктарам у час. «Родная прырода» i газ. «Вечерний Минск». У 1982 па стане здароўя пакiнуў работу. Трагiчна загiнуў у час пажару ў роднай вёсцы.
Кр. геагр.: Назвы населеных пунктаў.
Тв.: Поэзия Симеона Полоцкого: Ранний период (1648—1664). Автореф. Мн., 1964; Францішак Скарына — беларускі першадрукар. Мн., 1970.
Лiт.: Люкевич В., Трещенок Я. Истине вопреки // Советская Белоруссия. 1966. 22 февр.; Алексютовіч М. А дзе ж ісціна аб’ектыўная? // Полымя. 1966. № 5; Рабкевiч В. Група пяцёх // Наша Нiва. 1995. № 3; БП, т. 5.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.