Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том III. Кнiга II » ЛЮБОВІЧ Арцём Майсеевіч
[27.10.1880, Жытомір, цяпер Украіна — 28.6.1938, Мінск, турма НКВД], дзяржаўны, партыйны і гаспадарчы дзеяч. З украінскай рабочай сям’і. Да 1937 нам. старшыні СНК БССР, старшыня Дзяржплана БССР, нам. наркама сувязі СССР. Арыштаваны 5.7.1937, верагодна, на рабоце. Асуджаны 28.6.1938 «тройкай» НКВД як «удзельнік антысавецкай арганізацыі правых» і за «правядзенне шкодніцтва ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны. Рэабілітаваны 29.2.1956 ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР. Асабовая справа Л. № 5909-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
28.7.1938 у Мінску па адрасе: вул. К.Маркса, д. 46, кв. 14 арыштавана сакратар аддзела збыту трэста «Лесбал», маці траіх дзяцей, Любовіч Браніслава Іванаўна (н. 27.8.1892 на ст. Гайсі Паўдн.-Зах. чыгункі Камянец-Падольскай губ., цяпер Украіна, у польскай мяшчанскай сям’і; член ВКП(б) з 1926; у 1937 выключана з партыі ў сувязі з арыштам мужа), жонка Арцёма Любовіча. 8.10.1938 асобай нарадай пры НКВД асуджана як «член сям’і здрадніка радзімы, прыгаворанага да ВМП» да 5 гадоў ППК і этапавана ў Цемнікоўскі канцлагер НКВД Мардоўскай АССР. Вызвалена 28.7.1943. Рэабілітавана 17.1.1956 трыбуналам БВА. Асабовая справа Л. № 6561-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.