Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том III. Кнiга II  » ЛАПІЦКІ Расцiслаў 

ЛАПІЦКІ Расцiслаў

[1.9.1928, в. Касута Вілейскага пав. Віленскага ваяв., цяпер Вілейскі р-н Мінскай вобл. — 28.10.1950, МДБ, Маладзечна], арганізатар і кіраўнік пасляваеннага антысавецкага падполля. Са шматдзетнай сям’i праваслаўнага святара Аляксандра Лапiцкага. У час 2-й сусветнай вайны сям’я пераехала на Мядзельшчыну, дзе бацька атрымаў у Кабыльнiку (цяпер пас. Нарач Мядзельскага р-на Мінскай вобл.) царкоўны прыход. Пасля выгнання нямецкіх войскаў з Беларусi Л. пайшоў вучыцца ў Кабыльнiцкую сямiгодку. Праз старэйшага брата Алега, семiнарыста Вiленскай духоўнай семiнарыi, далучыўся да падпольнай Вiленскай патрыятычнай арганiзацыi, якая ўтварылася сярод навучэнцаў Вiленскай бел. гiмназii i Вiленскай семiнарыi. Пасля разгрому арганiзацыi i арышту значнай часткi яе ўдзельнiкаў 16-гадовы Л. быў асуджаны як малалетнi на тры гады зняволення. Аднак па амнiстыi (у сувязi з перамогай) вызвалены i вярнуўся ў Кабыльнiк, дзе працягваў вучыцца ў школе. Зiмой 1946/47 сям’я перабралася ў в. Мiкасецк непадалёку ад Мядзеля. Сярод мядзельскiх вучняў Л. знайшоў аднадумцаў і ўтварыў падпольную групу. У снеж. 1948 яны напісалі і размножылі на пішучай машынцы антысавецкую лістоўку. Увосень 1949 сям’я перасялілася ў Смаргонь, дзе Л. пайшоў у 10 клас мясцовай школы. Тут ён таксама разгарнуў падпольную дзейнасць, утварыўшы групу з аднадумцаў. Пасля масавага з’яўлення ў горадзе антыкамунiстычных лістовак (пачатак снеж. 1949) Л. арыштавалі. Аднак пасля тыдня допытаў яго вызвалілі. Нарада падпольнай арганiзацыi вырашыла, што Л. трэба пакiнуць Смаргонь. I ён тайна вярнуўся на Мядзельшчыну. Нейкi час жыў у Мiкасецку, Юшкавiчах. Будучы моцна прастуджаным, перабраўся ў Кабыльнiк. Тут яго зноў арыштавалі. Да суда ўтрымлiвалі ў Вілейскай турме. На допытах Л. жорстка катавалi. Суд над ім i большасцю ўдзельнiкаў Мядзельска-Смаргонскага падполля адбыўся ў Маладзечне ў лiп. 1950. Выступленнi падсуднага былi абвiнавачаннем камунiстычнаму рэжыму. Трыбунал БВА прыгаварыў Л. да ВМП. Л. мужна ўспрыняў прысуд i з абурэннем адмовiўся ад прапановы прасiць памiлавання. Як сведчыла жыхарка Кабыльнiка настаўніца Таiса Камарнiцкая (Бялiцкая), увосень 1950 у мясцовай школе абвясцiлi аб расстрэле яе былога вучня. Таксама аб расстрэле Л. 28.10.1950 паведамiў Леакадзii Цыбоўскай (таксама асуджана па справе Мядзельска-Смаргонскага падполля) наглядчык маладзечанскай турмы.

Кр. геагр.: Рапановіч. Слоўнік геаграфічных назваў; Назвы населеных пунктаў.

Літ.: Антысавецкія рухі; Чарняўскі М. Да гісторыі мядзельска-смаргонскага падполля // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагоддзі: Матэрыялы навук.-практ. канф., Мінск, 27—28 лют. 1998 г. Мн., 1998; Яго ж. Школьныя падпольныя арганізацыі Віленшчыны ў пасляваенныя гады: спроба «вуснай дакументалістыкі» // Гісторыя Беларусі ў еўрапейскім кантэксце. Мн., 2002; Валаханович И.А. Антисоветское подполье на территории Беларуси в 1944—1953 гг. Мн., 2002.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".