Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том III. Кнiга II. Дадатак  » ЯРАШЭВІЧ Міканор (Нiканор) Казіміравіч 

ЯРАШЭВІЧ Міканор (Нiканор) Казіміравіч

Нар. 11(24).7.1885 у мяст. Новы Свержань Мінскага пав., цяпер Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл. Бел. грамад­ска-паліт. дзеяч, аграном, педагог, верагодна, брат І.Ярашэвіча. З бел. сялянскай сям’і. Скончыў Глухаўскі настаўніцкі (1910) і Маскоўскі сельскагаспадарчы (1912) інстытуты. У час вучобы ў Маскве ўваходзіў у склад бел. студэнцкага гуртка, дасылаў лісты ў газ. «Наша ніва». Працаваў аграномам, чытаў лекцыі па аграноміі ў навучальных установах Мінскай, Смаленскай і Харкаўскай губ. Удзельнік 1-й сусветнай вайны. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 адзін з кіраўнікоў Мінскай губернскай земскай управы. У пачатку сак. 1918 у складзе мінскай земскай групы кааптаваны ў Раду БНР, аднак 25.3.1918 разам з іншымі прадстаўнікамі земстваў, гарадскога самакіравання і нацыянальных меншасцей выйшаў з яе складу ў знак нязгоды з прыняццем Трэцяй Устаўнай граматы. Адзін з аўтараў праекта стварэння ў Мінску ун-та. У час польска-савецкай вайны 1919—20 узначаліў Мінскую губернскую земскую ўправу, выкладаў у Мінскім політэхнічным вучылішчы. 18.9.1919 у час прыезду ў Мінск Ю.Пілсудскага пры сустрэчы апошняга з грамадскасцю ў памяшканні былога Мінскага дваранскага сходу адзіны, хто выступіў з публічным пратэстам супраць польскай акупацыі краю, заявіў, што «палякам няма чаго шукаць у Беларусі». Ва ўмовах польскай акупацыі і фактычнай перамогі бальшавікоў у грамадзянскай вайне падтрымліваў утварэнне суверэннай Беларускай рэспублікі. У пачатку 1920-х г. у складзе «ра­сійскай сацыялістычнай групы» беспаспяхова ўдзельнічаў у выбарах у Мінскі гарадскі магістрат. З аднаўленнем савецкай улады ў ліст. 1920 прызначаны першым рэктарам новаўтворанага Беларускага політэхнічнага інстытута (БПІ), адначасова выкладаў у Мінскім інстытуце народнай адукацыі (МІНА), Бел. рабочым тэхнікуме, выконваў абавязкі загадчыка аддзела наркамата асветы БССР. Ініцыятар стварэння і першы старшыня Беларускага вольна-эканамічнага таварыства. Выступаў супраць т.зв. прымусовай беларусізацыі, быў прыхільнікам паступовага пераводу выкладання ў навучальных установах Беларусі на бел. мову. У канцы 1920 — пачатку 1921 намагаўся аднавіць дзейнасць эсэраўскай арганізацыі «абласнікоў». Арыштаваны 9.3.1921. Абвінавачваўся ў антысавецкай дзейнасці. Дзякуючы заступніцтву 38 выкладчыкаў БПІ, МІНА і Беларускага рабочага тэхнікума праз 2 месяцы вызвалены (паводле іншых звестак 18.11.1922 асуджаны за «антысавецкую агітацыю» да 2 гадоў пазбаўлення волі; вызвалены 28.3.1924). У другой палове 1920-х г. працаваў у Сярэднеазіяцкім ун-це, Інстытуце ірыгацыі і механізацыі сельскай гаспадаркі Узбекскай ССР. Пасля чарговага арышту ў 1930 выселены разам з сям’ёй з Ташкента ў сельскую мясцовасць, але ў 1933 зноў дазволена вярнуцца назад. У 1937 арыштаваны за «шпіянаж на карысць замежных разведак» і прыгавораны да 10 гадоў ППК. Паводле слоў жонкі, знаходзіўся ў адным з пунктаў Краснаярскага канцлагера НКВД. Загінуў у зняволенні. Па першай справе (№ 36730-с; захоўваецца ў ар­хіве КДБ Беларусі) рэабілітаваны пракуратурай Мінскай вобл. 8.12.1995.

Літ.: ЭГБ, т. 6—2.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".