Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том III. Кнiга II. Дадатак » ЖАМОЙДЗІН Іосіф (Язэп) Іванавіч
[1915, в. Вузбалаць Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Валожынскі р-н Мінскай вобл. — 2003, Маладзечна Мінскай вобл.], удзельнік 2-й сусветнай вайны, вязень савецкіх канцлагераў. З бел. сялянскай сям’і. У студз. 1938 мабілізаваны на тэрміновую службу ў 1-ы лёгка-артылерыйскі полк легіёнаў Войска Польскага (Вільня). Удзельнічаў пад Вышкавам у вераснёўскай кампаніі 1939. З кастр. 1939 (?) у савецкім палоне. У вер. 1941 вызвалены і залічаны ў армію пад камандаваннем генэрала У.Андэрса ў лёгка-артылерыйскі полк 5-й пяхотнай дывізіі. З 27.10.1942 — у 11-м Валынскім стралковым батальёне. 17.12.1942 атрымаў званне капрала. 14.4.1943 пераведзены ў 14-ы Віленскі стралковы батальён. Браў удзел ў італьянскай кампаніі, у тым ліку ў баях на р. Сандра, бітве за Монтэ-Касіна, баявых дзеяннях на Адрыятычным узбярэжжы, авалоданні Анконаю, узяцці Балоніі. Узнагароджаны Памятным крыжам Монтэ-Касіна, медалямі. Дэмабілізаваўся 28.7.1947. Вярнуўся на радзіму. Ажаніўся, гадаваў дваіх дзяцей. Арыштаваны 27.5.1950 у сваёй вёсцы. Асуджаны 8.12.1950 органамі МДБ за «антысавецкую агітацыю» да 10 гадоў ППК і 5 гадоў пазбаўлення правоў. Этапаваны ў Каргапольскі канцлагер МДБ Архангельскай вобл. (ст. Ярцава, п/с 233/3). З 1951 на спецпасяленні ў Іркуцкай вобл. 23.2.1955 тэрмін пакарання зніжаны да 5 гадоў. Вызвалены. Вярнуўся ў Беларусь. Рэабілітаваны пленумам Вярхоўнага суда БССР 25.3.1966. У 1990-я г. — актыўны сябра Беларускай асацыяцыі ахвяраў паліт. рэпрэсіяў. Асабовая справа Ж. № 20341-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Літ.: Беларусы ў бітве за Монтэ-Касіна. Мн., 2004. С. 44.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.