Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том III. Кнiга I » БАГУЦКІ Вацлаў Антонавіч
[1884, мяст. Буракуў каля Варшавы (паводле іншых звестак Варшава), цяпер Польшча — 19.12.1937, Масква, «Камунарка», НКВД], рэвалюцыянер, савецкі партыйны дзеяч. З сям’і рабочага. У 1904 уступіў у СДКПіЛ. За рэвалюцыйную дзейнасць 9 разоў арыштоўваўся, чатыры гады правёў у турмах. У 1910—12 у эміграцыі ў ЗША. У 1912 вярнуўся ў Расію. Удзельнік 1-й сусветнай вайны, на фронце вёў рэвалюцыйную агітацыю сярод салдат. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 член выканкама Тыфліскага Савета. У 1918 кіраўнік камітэта СДКПіЛ у Беластоку і Гродна, арганізатар ячэек Кампартыі Польшчы. Старшыня Гродзенскага падпольнага камітэта РКП(б) у 1918, старшыня Гродзенскага Савета рабочых дэпутатаў у студз.-крас. 1919. У 1919—20 старшыня Надзвычайнай камісіі ў Мінску, адначасова член Бюро па нелегальнай рабоце пры ЦК КП(б)ЛіБ. У 1921 займаўся аднаўленнем камуністычных падпольных арганізацый на тэрыторыі Зах. Беларусі і Віленшчыны. У 1921—24 загадчык арганізацыйнага аддзела, сакратар Цэнтральнага Бюро КП(б)Б і нам. старшыні СНК БССР, нам. сакратара Часовага Беларускага бюро ЦК РКП(б). З’яўляўся прадстаўніком ЦК Кампартыі Польшчы ў Выканкаме Камінтэрна. Пасля сканчэння курсаў марксізму-ленінізму пры Камуністычнай акадэміі ў Маскве (1929) працаваў у ВЦСПС, быў старшынёй ЦК прафсаюзаў работнікаў сувязі СССР, старшынёй Скандынаўскай секцыі Выканкама Прафінтэрна. Член ЦВК СССР у 1922—24 і яго прэзідыума ў 1924. З 1936 у Хабараўску, член калегіі краявога суда. Арыштаваны 5.9.1937 у Хабараўску па адрасе: вул. Камсамольская, д. 44. Асуджаны 19.12.1937 за «ўдзел у контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай арганізацыі» да ВМП. Расстраляны. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 31.3.1956. Яго імем названа вуліца ў Гродне. У Мінску на доме, у якім ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка.
Тв.: Минувшие годы [Воспоминания] // Звезда. 1923. 14 марта.
Кр.: Расстрельные списки: «Коммунарка».
Літ.: ЭГБ, т. 1; БЭ, т. 2; Протько Т.С. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917—1941 гг.). Мн., 2002. С. 646—647; Киркевич А. Человек из легенды // Гродненская правда. 1968. 28 авг.; Мараш Я. Помнят его имя // Гродненская правда. 1988. 6 сент.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.