Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том III. Кнiга I  » БАБIЧ Iван 

БАБIЧ Iван

[1930, в. Бабiчы Дзісенскага пав. Віленскага ваяв., цяпер Глыбоцкі р-н Вiцебскай вобл. — 3.10.1994, Ваўкавыск Гродзенскай вобл.], удзельнік антысавецкага маладзёжнага руху. Брат Марыі Бабіч. Пасля 2-й сусветнай вайны з сястрой паступiў у Глыбоцкае педагагiчнае вучылішча, дзе далучыўся да групы Саюза беларускiх патрыётаў. Арыштаваны з сястрой органамi МДБ 8.9.1947 на станцыi Навадруцк пад Глыбокім, калі спрабаваў выехаць у Польшчу. Да арышту меў непасрэднае дачыненне навучэнец Глыбоцкага педагагічнага вучылішча К.Талапiла. Пад следствам знаходзiўся ў Полацкай турме. Асуджаны з мацi Ганнай i дзядзькам Аляксеем Бабiчам (апошнiя двое за неданясенне). Падчас судовага працэсу былi дапушчаны грубыя фальсіфiкацыi: каб асудзіць Б. як паўналетняга, запiсалi, што ён нарадзiўся ў 1929. Асуджаны на 25 гадоў папраўча-працоўных работ. Этапаваны ў Комi АССР, затым у Горны канцлагер МУС Краснаярскага краю (каля Нарыльска). У апошнім браў удзел у забастоўцы вязняў (май-лiп. 1953). У 1955 з сястрой накiраваны ў Маладзечна дзеля перагляду судовай справы. У хуткiм часе вызвалены. Пасля вяртання ў Беларусь праследаваўся мясцовымі ўладамі. З Марыяй Бабiч i яе мужам Львом Бялевiчам выехаў на заробкi ў Iнту. Працаваў у шахце электрыкам шахтавага абсталявання. Прадстаўляўся да ўрадавых узнагарод, але з-за мiнулага iмя Б. выкрэслiвалася са спiсу кандыдатаў. У час перабудовы ўзнагароджаны ордэнам «Шахцёрскай славы». Пасля выхаду на пенсiю вярнуўся ў Беларусь, жыў у Ваўкавыску.

Кр. геагр.: Рапановіч. Слоўнік геаграфічных назваў.

Літ.: Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997; Антысавецкія рухі.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".