Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том III. Кнiга I  » АДАМОВІЧ Аляксандр Фаміч 

АДАМОВІЧ Аляксандр Фаміч

[студз. 1900, в. Васюлькі Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 15.9.1937, Карэльская АССР, НКВД], партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР. З сялянскай сям’і, скончыў пачатковае вучылішча ў Радашковічах. У час 1-й сусветнай вайны ў бежанстве ў Екацярынаслаўскай губ. У 1916 вярнуўся на Радзіму. Працаваў на будаўніцтве чыгункі. У снеж. 1916 пераведзены ў Адэсу (упраўленне дарожных работ Бесарабскага р-на). З канца 1917 член нацыянальна-культурнай арганізацыі «Беларускі гай». У 1918 уступіў у БСГ. З 1919 член ВКП(б). Працаваў у Адэсе пры Беларускім клубе і ў бел. секцыі губернскага аддзела народнай асветы. У час акупацыі Адэсы белагвардзейцамі і замежнымі інтэрвентамі на нелегальным становішчы. Пасля накіраваны ЦК РКП(б) у Смаленск. З 1920 сакратар Дзісенскага павятовага камітэта РКП(б). У 1921 працаваў у Бабруйскім павятовым аддзеле народнай асветы, затым інструктарам і загадчыкам аддзела Бабруйскага павятовага камітэта КП(б)Б. У снеж. 1921 па партыйнай мабілізацыі накіраваны ў армію. Са жн. 1924 сакратар Калінінскага акружкама Кампартыі Беларусі (Клімавічы). З вер. 1925 сакратар Полацкага акруговага камітэта партыі, затым загадчык аддзела друку ЦК КП(б)Б, рэдактар газ. «Беларуская вёска». У ліп. 1928 — вер. 1929 нам. наркама земляробства БССР. У сувязі з разгортваннем барацьбы з так званым нацыянал-дэмакратызмам зняты з работы і выключаны з КП(б)Б «за ідэалагічную няўстойлівасць, скрыўленне класавай лініі ў палітыцы наркамзема, за бюракратызм і адрыў ад партыйнай ячэйкі, за прымірэнчыя адносіны да контррэвалюцыйных вылазак нацыянал-дэмакратызма». Неўзабаве адноўлены ў партыі і накіраваны на перавыхаванне на нізавую работу тэрмінам на два гады — працаваў тэхнічным рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва. Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей. Арыштаваны 19.7.1930 у Мінску па адрасе: вул. Новасерпухаўская, д. 11, кв. 2. Асуджаны паводле пастановы калегіі АДПУ СССР 18.3.1931 як «удзельнік контррэвалюцыйнай арганізацыі» да 10 гадоў папраўча-працоўных работ. Пакаранне адбываў спачатку ў Салавецкім, затым у Беламорска-Балтыйскім канцлагерах НКВД Карэла-Фінскай АССР. 24.3.1935, калі знаходзіўся ў Беламорска-Балтыйскім канцлагеры, узяты пад варту і 11.7.1935 асуджаны Ленінградскім абл. судом да 7 гадоў папраўча-працоўных работ. 9.9.1937 «тройкай» НКВД Карэльскай АССР прыгавораны за «антысавецкую агітацыю» да ВМП. Расстраляны каля ст. Сягежа. Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 14.6.1988. Асабовая справа А. № 20950-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Кр. геагр.: Волости и важнейшие селения; Рапановіч. Слоўнік геаграфічных назваў.

Літ.: Фалей Е. «Еще в более острой форме» // Вечерний Минск. 1993. 17 дек.; Міхнюк У.М. Арыштаваць у высылцы: дакументальны нарыс пра Алеся Дудара. Мн., 1996. С. 112; Яго ж. Вязень сумлення // Полымя. 1996. № 2. С. 262; ЭГБ, т. 1.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".