Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том III. Кнiга I  » ГРЫЦ Зоя Апанасаўна 

ГРЫЦ Зоя Апанасаўна

[н. 31.12.1907, в. Ганчары Лідскага пав. Віленскай губ., цяпер Лідскі р-н Гродзенскай вобл. — ?], педагог, мемуарыстка, сястра Веры Грыц. З сям’і сельскага настаўніка. З пачаткам 1-й сусветнай вайны сям’я Г. пераехала ў Смаленск, адкуль эвакуіравалася ў Сібір. У 1921 яны вярнуліся на радзіму — спачатку жылі ў Шчучыне, потым пераехалі ў Вільню. Г. з братам і сястрой паступіла ў Віленскую беларускую гімназію. Брала ўдзел у дзейнасці гімназічнага тэатра, грала ў спектаклях «Паўлінка», «Страхі жыцця», «Збянтэжаны Саўка», пераклала з украінскай мовы п’есу «Наталка-Палтаўка», удзельнічала ў яе сцэнічнай пастаноўцы. Спявала ў «Хоры славянскай песні» пад кіраўніцтвам Р. Шырмы. Скончыла гімназію ў 1927. Далейшых перспектыў на вучобу ў Польшчы не мела, бо пасля бел. гімназіі не прымалі ва ун-т. Пад Радашковічамі нелегальна перайшла мяжу з СССР, куды пасля разгрому Грамады ўцёк яе бацька. Адразу пасля пераходу арыштавана. Правяла ў ДПУ Заслаўя і Мінска 3 тыдні. У канцы 1920-х г. (?) паступіла ў БДУ (паводле іншых звестак у МВПІ), які скончыла ў 1933. Тады ж яе пачалі выклікаць у ГПУ. Арыштавана 25.9.1933 у Мінску па адрасе: вул. Брылеўская, д. 11/12, кв. 1. Абвінавачвалася ў шпіянажы і прыналежнасці да ПАВ. У гэты час Г. была цяжарнаю. Пад націскам ГПУ муж спыніў з ёй усялякія сувязі. Асуджана з сястрой 9.1.1934 як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі БНЦ» да 10 гадоў папраўча-працоўных работ. Этапавана ў Паўночна-Чыгуначны канцлагер Комі АССР (Кылтава). Паколькі мела вышэйшую адукацыю і ведала латынь, то спачатку трапіла ў медсанчастку. Брала ўдзел у рабоце драмгуртка, якім кіраваў зняволены артыст тэатра Массавета Сяргей Глебаў. Жыла ў адным памяшканні з княгіняй Ганнай Урусавай, якая шмат зрабіла дзеля далейшай адукацыі Г. У 1937 накіравана на агульныя работы на торфараспрацоўках. У лагеры паўторна вышла замуж за эстонца; нарадзіла сыноў. Муж загінуў у зняволенні. Зноў арыштавана ў 1938, адвезена ў палітізалятар у Чэб’і, дзе была моцна катаваная. Г. прыгадвае: «Дзесьці ў 1938 нас зноў адвязлі ў турму ў Княжпагост. Калі там я выйшла ў двор, мужчыны, якія стаялі непадалёк, раптам знялі шапкі і нахілілі галовы. Я пытаюся: «А што гэта такое?» А жанчыны гавораць: «Таму што следчыя казалі: «Чаго крычыш, вось мы Грыц білі, яна маўчала». Праз нейкі час вернута ў Кылтава. Калі ў 1943 скончыўся тэрмін зняволення Г., яе пакінулі ў лагеры да заканчэння вайны. Вызвалена 29.7.1946. Накіравалася на Кубань, потым у Кабарду. Нідзе не магла атрымаць сталай работы. Была на мяжы самагубства. Старэйшая сястра паклікала яе да сябе ў Джэзказган, дзе здолела атрымаць работу ў чыгуначнай школе. Па даносу (дырэктара школы) у 1951 арыштавана чарговы раз. 7.1.1952 асуджана на ссылку ў Карагандзінскую вобл. Пасля вызвалення (10.9.1954) пакінута пад наглядам. Працавала ў казахскай школе. У 1964 пераехала ў Літву, потым у Мінск. Аўтар мемуараў, якія часткова апублікаваны. Рэабілітавана трыбуналам БВА 18.4.1956. Справа сясцёр Г. № 10182-с з іх фотаздымкамі захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Кр. геагр.: Рапановіч. Слоўнік геаграфічных назваў.

Тв: У сталінскіх засценках // Боль людская. Воспоминания жертв политических репресий 1930—1950-х годов. Мн., 1999.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".