Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том III. Кнiга I » ГАМАРНІК Ян Барысавіч
[2(14).6.1894, Жытомір, Украіна — 31.5.1937], дзяржаўны і ваенны дзеяч. Аўстрыец паводле паходжання. З 1915 вучыўся ў Кіеўскім ун-це. З 1916 член РСДРП; пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 сакратар Кіеўскага камітэта РСДРП(б). У 1918—20 член Усеўкраінскага падпольнага цэнтра; член РВС Паўдн. групы 12-й арміі, камісар дывізіі; старшыня Адэскага, Кіеўскага губкамаў КП(б)У, Кіеўскага губвыканкама. З 1923 на Далёкім Усходзе — старшыня Дальрэўкама, крайвыканкама, сакратар Далькрайкама ВКП(б). Кандыдат у члены ЦК ВКП(б) (1925—27). У ліст. 1928 прызначаны 1-м сакратаром ЦК і членам Бюро ЦК КП(б)Б; член РВС БВА. Член ЦВК СССР і ЦВК БССР (1929). Вылучаўся карэктнасцю і тактоўнасцю, добры выступоўца і арганізатар. Устрымліваўся ад заангажаванасці ў барацьбе паміж рознымі кланамі ў КП(б)Б. На пасадзе ў Беларусі доўга не пратрымаўся: у 1929 яго прызначылі начальнікам Палітупраўлення БВА, а ў ліст. 1929 перавялі ў Маскву начальнікам Палітупраўлення Чырвонай арміі; адначасова адказны сакратар газ. «Красная звезда». Армейскі камісар 1-га рангу (1935). З 1930 нам. наркама абароны і нам. старшыні РВС СССР. У атмасферы цкаванняў як «вораг народа» скончыў жыццё самагубствам. Рэабілітаваны ў 1956. Яго імем названа вуліца ў Мінску.
Літ.: Салехов Н.И. Я.Б.Гамарник: Очерк о жизни и деятельности. М., 1964; Ян Гамарник: Воспоминания друзей и соратников. М., 1978; Реабилитированы историей. М., 1989; Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. Мн., 2000; Платонаў Р.П. Беларусь у міжваенны перыяд. Старонкі палітычнай гісторыі ў святле архіўных крыніц. Мн., 2001; Протько Т. С. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917—1941 гг.). Мн., 2002; ЭГБ, т. 2; БЭ, т. 5.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.