Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том III. Кнiга I  » ДОЎНАР-ЗАПОЛЬСКІ Мітрафан Віктаравіч 

ДОЎНАР-ЗАПОЛЬСКІ Мітрафан Віктаравіч

[2(14).6.1867, Рэчыца Мінскай губ., цяпер райцэнтр Гомельскай вобл. — 30.9.1934, Масква], бел. і рускі гісторык, эканаміст, этнограф. Закончыў гісторыка-філалагічны ф-т Кіеўскага ун-та (1894). Шлях у навуку распачаў са збору і вывучэння песень, абрадаў, казак, паданняў Палесся. У 1888 асобнай брашурай быў апублікаваны этнаграфічны эцюд будучага вучонага. У гэтым жа годзе ў васьмі нумарах газ. «Минский листок» надрукаваны артыкул «Беларускае мінулае», у якім Д.-З. узняў праблему нацыянальнага адраджэння бел. народа аналагічна чэхам, славакам, сербам. У «Календары Северо-Западного Края на 1889 год» змясціў матэрыялы з гісторыі Беларусі, яе пісьменства, нарысы пра мову, асобныя рэгіёны краю, нізку народных песень, нататкі пра Вялікдзень. Актыўна лістуючыся з М.Я.Нікіфароўскім, Я.А.Ляцкім, У.З.Завітневічам, Я. Лучынам, Д.-З. у 1890-я г. імкнуўся аб’яднаць даследчыкаў беларушчыны. У гэты перыяд ім напісана і апублікавана вялікая серыя фальклорна-этнаграфічных даследаванняў пра сямейны побыт, абрады, вераванні беларусаў. З 1895 Д.-З. працаваў у Маскве, спачатку памочнікам архіварыуса архіва Міністэрства юстыцыі, сакратаром археаграфічнай камісіі пры Маскоўскім археалагічным таварыстве, а з 1899 прыват-дацэнтам гісторыка-філалагічнага ф-та Маскоўскага ун-та. У 2-й палове 1890-х г. вучоны займаецца архіўнымі росшукамі, у выніку чаго ў яго даследчай працы пачынае дамінаваць гістарычная тэматыка, сюжэты літоўска-бел. сярэднявечча: «Да гісторыі Люблінскай уніі», «Берасцейскае староства ў XVI ст.», «Літоўскі скарб і татарскія орды ў 1502—1509 гг.», «Старажытны народны копны суд у Паўночна-Заходняй Русі» і інш. Апублікаваныя вучоным «Дакументы Маскоўскага архіва Міністэрства юстыцыі», «Акты Літоўска-Рускай дзяржавы (XIV—XVI ст.)», «Баркулабаўскі летапіс» разам з матэрыяламі іншых архіваў Расіі і Польшчы сталіся базай для напісання Д.-З. буйных манаграфічных даследаванняў «Дзяржаўная гаспадарка Вялікага Княства Літоўскага пры Ягелонах», «Нарысы па арганізацыі заходнерускага сялянства ў XVI ст.», у якіх аналізуюцца сацыяльна-эканамічныя адносіны і сацыяльна-эканамічнае становішча Літоўска-Беларускага гаспадарства, станаўленне бел. дзяржаўнасці. У гады 1-й рускай рэвалюцыі гісторыёграф удзяляе вялікую ўвагу гісторыі станаўлення грамадскай думкі ў Расіі (арт. «Палітычныя ідэалы М.М.Сперанскага, «З гісторыі грамадскіх плыняў у Расіі»), руху дзекабрыстаў (арт. «Таемнае таварыства дзекабрыстаў», «Ідэалы дзекабрыстаў», уступ і каментар да кн. «Мемуары дзекабрыстаў»), а таксама гісторыі сялянскага пытання ў Беларусі і Расіі («Старонка з гісторыі прыгоннага права ў XVIII —XIX стст.», «На зары сялянскай свабоды»). У 1905 Д.-З. стварае ў Кіеве жаночыя курсы, а ў 1906 асноўвае камерцыйныя курсы, у 1907 пераўтвораныя ў Кіеўскі камерцыйны інстытут, які стаў першай такога тыпу навучальнай установай у краіне. Заснаванне і кіраўніцтва Кіеўскім камерцыйным інстытутам спрычынілася да даследавання Д.-З. праблем эканомікі, гаспадарчага развіцця Расіі. На нейкі час Д.-З. было забаронена чытаць лекцыі ў Кіеўскім ун-це. У 1918—1919 у сувязі з абвяшчэннем у Мінску Беларускай Народнай Рэспублікі ён прыняў дзейсны ўдзел у адбудове бел. дзяржаўнасці. Разам з прадстаўнікамі ўрада БНР удзельнічаў у перамовах з украінскім урадам аб удакладненні дзяржаўнай мяжы паміж Беларуссю і УНР. Сумесна з І.Цвікевічам падрыхтаваў і накіраваў праз пасла РСФСР Х.Ракоўскага ў Кіеве ноту савецкаму ўраду аб прызнанні БНР яе ўсходніх граніц з Расіяй. Як эканаміст спрычыніўся да стварэння ў Кіеве «Беларускай гандлёвай палаты». Супрацоўнічаў з бел. перыядычным друкам на Украіне («Белорусское слово», «Белорусское эхо») і на радзіме. Уздымаў актуальныя пытанні дзяржбудаўніцтва, асветы Беларусі. Уключаны ўрадам рэспублікі ў камісію па арганізацыі Беларускага ун-та, рыхтаваў праект яго, у газеце «Вольная Беларусь» выступаў з канкрэтнымі прапановамі аб яго структуры і эканамічных абгрунтаваннях. У 1919 у Гродне асобным выданнем на бел., англійскай, нямецкай і французскай мовах выдадзены нарыс Д.-З. «Асновы дзяржаўнасці Беларусі». У Керчы ім быў арганізаваны філіял Севастопальскага ун-та. У Харкаве ў канцы 1920 Д.-З. быў арыштаваны мясцовым Саветам, але хутка вызвалены ў выніку заступніцтва вучоных і запрошаны ў Харкаўскі ун-т, Інстытут народнай гаспадаркі і кансультантам наркамата знешняга гандлю УССР. 3 1922 да 1925 — прарэктар Азербайджанскага ун-та, прафесар політэхнічнага ін-та Баку, начальнік Упраўлення прамысловасці і гандлю Азербайджанскай ССР. Заснавальнік і дырэктар с.-г. і гандлёва-прамысловага музея Азербайджана. Распрацоўваў шэраг эканамічных праблем рэспублікі, у тым ліку ў кантэксце палітыкі НЭПа. 3 1.10.1925 у Мінску прафесар кафедры гісторыі Беларусі педагагічнага ф-та БДУ, правадзейны член Інбелкульта, супрацоўнік Дзяржплана БССР. 3 вясны 1926 пазбаўлены права выкладаць у БДУ, хоць звальняць вядомага вучонага не рашаліся. Працу на бацькаўшчыне прадвырашыла ідэалагічная ацэнка рукапісу кнігі Д.-З. «Гісторыя Беларусі». У лют. 1926, рэцэнзуючы рукапіс яе, кіраўнік Гістпарта ЦК КП(б)Б В. Сербента не быў кампетэнтны ў пытаннях бел. гісторыі і таму не мог быць аб’ектыўны. Д.-З., выдалены партнаменклатурай з Беларусі, у Маскве быў прыняты выкладчыкам у Сельскагаспадарчую акадэмію імя Ціміразева і ў Інстытут народнай гаспадаркі імя Г.В.Пляханава. Таварышы з марксісцкага таварыства гісторыкаў з Мінску «даставалі» вучонага і ў Маскве. Хаця гісторыкі Масквы і Ленінграда вылучылі кандыдатуру Д.-З. ў 1929 у акадэмікі АН СССР, абранне яго было заблакавана, а ён дачасна адпраўлены на пенсію. У апошнія гады жыцця Д.-З. працаваў у НДІ пушнінна-футравай гаспадаркі Наркамата знешняга гандлю СССР, вывучаў прамысловую кааперацыю і саматужныя промыслы.

Тв.: Белорусская свадьба и свадебные песни. Киев, 1888; Очерк истории Кривичской и Дреговичской земель до конца XII столетия. Киев, 1891; Белорусское Полесье: Сб. этнограф. материалов. Вып. 1. Киев, 1895; Спорные вопросы в истории Литовско-Русского сейма. СПб., 1901; Очерки по организации западно-русского крестьянства в XVI веке. Киев, 1905; Исследования и статьи. Т. 1. Киев, 1909; История русского народного хозяйства. Т. 1. Киев, 1911; Народное хозяйство Белоруссии, 1861—1914 гг. Мн., 1926; Старыя беларускія архівы за межамі БССР // Працы 1-га з’езда даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі. Мн., 1926; Гісторыя Беларусі. Мн., 1994.

Літ.: Пичета В. Новейшая история Белоруссии в зарубежной историко-политической лнтературе // Вести нар. комиссариата просвещения. 1921. № 1; Даўгяла З.І. Літаратурныя працы доктара рускай гісторыі М. В. Доўнар-Запольскага ў храналагічным парадку за 45 год (1883 — 1928) // Зап. аддз. гуманіт. навук БАН. Мн., 1929. Кн. 8. Працы класа гісторыі, т. 3; Палонская-Васіленка Н. Доўнар-Запольскі // Запісы БІНіМ (Нью-Ёрк). 1953. № 1 (3); Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мн., 1964; Шумейко М.Т. Неопубликованная монография М.В.Довнар-Запольского «История Белоруссии» как историографический источник // Наш радавод. Гродна, 1991; Гануш А.Г., Кручок П.С. Мітрафан Доўнар-Запольскі. Мн., 1995; Михальченко С.Н. Довнар-Запольский: историк и общественный деятель // Вопросы истории. 1993. № 6; Бараноўскі Я. І. Прадмова // Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі. Мн., 1994; Даследчык гісторыі трох народаў: М.В.Доўнар-Запольскі (Зб. навуковых артыкулаў і дакументаў). Гомель—Рэчыца. 2000; Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі. Бібліяграфічны паказальнік // Уклад. В. У. Скалабан і інш. Мн., 2001; БП, т. 2.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".