Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том II » ЯТАЎТ Максіміліян
[Jatowt Maksymilian; псеўданім: Якуб Гардон / Jakub Gordon; паміж 1823 і 1827 — 27.11.1895, Львоў], падарожнік, мемуарыст. Паходзіў з дробнай бел.-літоўскай шляхты. Скончыў рэальную гімназію ў Варшаве. Член канспіратыўнага «Саюза польскага народа», за ўдзел у якім у 1845 арыштаваны. Прыгавораны да салдацкай службы ў глыбіні Расіі. У Дубне збег з-пад канвоя ў Галіцыю, адтуль у Сілезію. У вер. 1845 спаткаўся з Ц.Норвідам, які дапамог яму з пашпартам і грашыма. У 1846—47 падарожнічаў па Германіі, Альпах, Італіі. З 1847 у Парыжы, дзе працаваў у канцылярыі А.Чартарыйскага. Пасля пачатку ў лют. 1848 рэвалюцыі ў Парыжы выехаў у Кракаў. Па дарозе неабачліва пераехаў мяжу Каралеўства Польскага (у складзе Расійскай імперыі). Арыштаваны; зняволены ў Варшаўскай цытадэлі. Высланы салдатам на Урал. Служыў ва Уральску і ў Арэнбургу, дзе ў 1855 арганізаваў кампанію скаргаў супраць губернатара. У 1855 атрымаў царскую амністыю, вызвалены з штрафнога батальёна, накіраваны ў рэгулярную армію на крымскі фронт. Па дарозе сфальсіфікаваў дакументы і збег спачатку ў Германію, потым у ЗША. Тут змяніў прозвішча на Гардон, якім паслугоўваўся да канца жыцця. Прыгоды ў Расіі і Амерыцы натхнілі яго напісаць мемуары і падарожныя нататкі. Першую кнігу «Масква» апублікаваў па-польску і па-французску ў 1861. Адначасова пачаў пісаць у часопісы ЗША і Еўропы. Вярнуўся ў Еўропу ў 1861; падарожнічаў па Зах. і Паўдн. Еўропе, збіраў матэрыял для наступных твораў, завязваў кантакты з выдаўцамі ў Германіі, Швейцарыі і ў той частцы Польшчы, якая апынулася пад уладай Прусіі. Пасяліўся ў Аўстра-Венгрыі. У Саноку у 1868—69 рэдагаваў двухтыднёвік «Reforma», у 1871 у Кракаве тыднёвік «Zagrodа. Tygodnik dla ludu». Адначасова публікаваўся ў час. «Sobуtka», «Przegl№d Polski», «Dziennik Litewski», «Strzechк». Выдаў яшчэ 4 кнігі ўспамінаў і падарожных нататак; пісаў таксама раманы. Нядобразычлівая крытыка адштурхоўвала ад літаратурнай творчасці, якую спыніў у 1875. Жыў у Львове. З 1872 працаваў архівістам аддзела рахункаў Галіцыйскай краёвай адміністрацыі. Але яго ўспаміны, асабліва з часоў побыту ў Расіі, былі папулярнымі і выходзілі ў нямецкіх, французскіх і чэшскіх перакладах, у польскіх перавыданнях.
Тв.: Moskwa. Pamiкtniki polaka z Korony, obywatela Stanуw Zjednoczonych. Lipsk, 1861 (франц. выд. Mes prisons en Russe. Paris, 1861); Przechadzki po Ameryce. Berlin — Paryї, 1866; Podrуї do Nowego Orleana. Lipsk, 1867; Obrazki galicyjskie. Lwуw, 1869; Gdy siк byіo mіоdym. Lipsk, 1871; Grzechy Krystyny, krуlowej hiszpaсskiej. Lwуw, 1870; Szkice i ramotki. Lwуw, 1870; Turystа z musu. Lwуw, 1873.
Літ.: Janik M. Dzieje polakуw na Syberii. Krakуw, 1928; PSB, z. 43.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.