Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том II » ЯНУШКЕВІЧ Адольф Міхал Валяр’ян Юліян
[9.6.1803, Нясвіж — 6(18).6.1857, маёнтак Дзягільня Мінскага пав. Мінскай губ., цяпер в. Дзягільна Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.], падарожнік, пісьменнік. Пісаў на польскай мове. Вучыўся ў дамініканскай школе ў Нясвіжы. У 1823 скончыў філалагічны ф-т Віленскага ун-та. Быў членам Таварыства блакітных, блізкага да філарэтаў. У студэнцкія гады пісаў па-польску вершы ў сентыментальнай стылістыцы (дума «Мелітон і Эвеліна», 1821). У 1823—26 жыў у Камянцы, быў дэпутатам цывільнай палаты ў Галоўным судзе. Шмат падарожнічаў па Еўропе; сустракаўся з А.Міцкевічам, Ю.Славацкім, І.Гётэ. Вярнуўся на Радзіму ў 1830. Узяў удзел у паўстанні 1830—31; быў адным з кіраўнікоў паўстанцкага легіёна. Арыштаваны ў сак. 1831. У 1832 сасланы ў Сібір. У ссылцы пераклаў «Гісторыю заваявання Англіі нарманамі» А.Цьера. Падарожнічаў па Сібіры, Казахстане, Кіргізіі. Вярнуўся ў Беларусь у 1856; пасяліўся ў родавым маёнтку Дзягільня. Яго падарожныя нататкі сабраў брат Яўстафій, апублікаваў Ф.Вратноўскі пад назвай «Жыццё Адольфа Янушкевіча і яго лісты з кіргізскіх стэпаў» (Парыж. 1861. Кн. 1—2). Паслужыў прататыпам рэвалюцыянера Адольфа ў паэме А.Міцкевіча «Дзяды».
Тв.: Рус. пер.: Дневники и письма из путешествия по казахским степям. Алма-Ата, 1966.
Літ.: Мальдзіс А. Падарожжа ў ХІХ стагоддзе. Мн., 1969; АЗБ.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.