Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том II  » ШАСТАКОЎ Павел Пятровіч 

ШАСТАКОЎ Павел Пятровіч

[1899, Мсціслаўскі пав. Магілёўскай губ. — 29.10.1937, Мінск, НКВД], рэдактар, журналіст. З 1905 працаваў настаўнікам школы граматы ў в. Шэнькаўка Мсціслаўскага пав. У 1907 паступіў у Полацкую настаўніцкую семінарыю. З 1912 настаўнічаў у Мсціславе. У жн. 1913 быў залічаны ў Віцебскі настаўніцкі інстытут. З пачаткам 1-й сусветнай вайны мабілізаваны ў войска. У 1916 стаў прапаршчыкам. Ваяваў на Румынскім фронце. У 1917 пераведзены ў Маскву. У пачатку 1918 вярнуўся ў Мсціслаў. Удзельнічаў у падрыхтоўцы першага павятовага з’езда Саветаў. Працаваў загадчыкам аддзела народнай асветы. Зімой 1920 прызначаны ваенным камісарам пав. Потым стаў рэдактарам павятовай газ. «Думы бедняка», у якой публікаваў свае артыкулы і вершы. У 1920 пераехаў у Мінск. Служыў начальнікам палітасветы губваенкамата. З-за хваробы пакінуў армію. З 1921 працаваў у Мсціславе загадчыкам павятовага зямельнага аддзела. Потым быў прызначаны загадчыкам аддзела народнай асветы Магілёўскага акруговага выканкама. Пісаў нарысы і артыкулы па-беларуску і па-руску, публікаваўся ў мясцовай прэсе, у газ. «Савецкая Беларусь». Восенню 1926 пераведзены ў Маскву, прызначаны загадчыкам бел. сектара Камуністычнага ун-та нацыянальных меншасцей Захаду імя Ю.Мархлеўскага, дзе таксама выкладаў бел. мову і літаратуру. Арганізаваў у Маскве святкаванне 20-годдзя літаратурнай дзейнасці Якуба Коласа. Быў адным з укладальнікаў зборніка артыкулаў «Літаратурная творчасць К.М.Міцкевіча (Якуба Коласа)» (М., 1928), аўтар уступнага артыкула ў зборніку. Удзельнічаў у стварэнні Цэнтральнага беларускага клуба ў Маскве (лют. 1928), член праўлення клуба. З восені 1928 у Мінску, нам. наркама асветы БССР. Сябраваў з Я.Купалам. З чэрв. 1929 рэдактар газ. «Рабочий». У вер. 1929 прызначаны рэдактарам газ. «Савецкая Беларусь», дзе публікаваў свае нарысы і артыкулы. У апошнім нумары газеты выступіў з крытыкай бюракратычных парадкаў (артыкул «Лісты знізу»). 22.3.1933 газета была закрыта. У маі 1933 прызначаны рэдактарам газ. «Калгаснік Беларусі». З малавядомай зрабіў гэтую газету папулярнай сярод чытачоў і аўтараў. У жн. 1935 газета закрыта. Ш. прызначаны дырэктарам Белдзяржвыдавецтва. Арыштаваны ў пачатку 1937. Прыгавораны да расстрэлу.

Тв.: Да новых перамог на культурным фронце // Савецкая Беларусь. 1928, 14 кастр.; Лісты знізу // Тамсама. 1933, 21 сак.

Літ.: Карніловіч Э. Сябра Янкі Купалы // Маладосць. 1995, № 10.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".