Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том II  » ТРАМПОВІЧ Павел Віктаравіч 

ТРАМПОВІЧ Павел Віктаравіч

[1(13).6.1889, Пскоў — 3.1.1956, Кіеў], медык, грамадскі дзеяч, публіцыст. Нарадзіўся ў сям’і выхадцаў з Беларусі. З 1908 вучыўся ў Псіханеўралагічным інстытуце Пецярбургскага ун-та. Зблізіўся з эсэрамі; браў удзел у паліт. дэманстрацыях, за што неаднаразова затрымліваўся. У 1910 эміграваў у Германію. Вучыўся на медыцынскім ф-це Баварскага ун-та. З-за цяжкіх матэрыяльных умоваў мусіў перапыніць вучобу. У 1912 залічаны ў Кіеўскі ун-т, які скончыў у 1917. У 1918 член Народнага сакратарыята Беларусі, Рады БНР. Жыў у Растове-на-Доне, Харкаве. З 1925 асістэнт, дацэнт, загадчык кафедры медыцынскага ф-та БДУ. Навуковы сакратар медыцынскай секцыі Інбелкульта (1925), нам. старшыні камісіі прыроды і прадукцыйных сіл Беларусі Інбелкульта (1928). Публікацыя ў 1925 артыкула Т. «Шляхі беларускай інтэлігенцыі» выклікала рэзкую рэакцыю ЦК КП(б)Б: адбылося пасяджэнне Бюро ЦК; быў зняты з пасады рэдактар «Савецкай Беларусі» І.Шыпіла і абноўлены склад рэдакцыі газеты. 26.10.1925 у «Савецкай Беларусі» надрукаваны артыкул «Далейшыя шляхі беларускай інтэлігенцыі (Адказ рэдакцыі т. Трамповічу)», дзе былі пералічаны памылкі аўтара, падкрэслівалася немагчымасць «яднання на грунце нацыянальнай справы», бо адзіны правільны падыход да ўсіх пытанняў — класавы. Арыштаваны ДПУ БССР 9.7.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пастановай калегіі АДПУ СССР ад 10.4.1931 прыгавораны да 5 гадоў высылкі ў Астрахань. Пасля вызвалення ў 1945—50 працаваў хірургам у Магілёве-Падольскім Вінніцкай вобл., потым у Кіеве. Рэабілітаваны 10.6.1988.

Тв.: Шляхі беларускай інтэлігенцыі // Савецкая Беларусь. 1925, 21 кастр. (перадрук: Спадчына. 1998, № 3).

Лiт.: Васілеўская Н. Жыццёвы шлях Паўла Трамповіча // Спадчына. 1998, № 3; Возвращенные имена; ЭГБ, т. 6-1.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".