Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том II » ПЯНТКОЎСКІ Вацлаў
[1902 — 1991], рыма-каталiцкi святар, стваральнiк нелегальнай каталiцкай духоўнай семiнарыi. У міжваенны перыяд вучыўся ў Рыме, пасля вяртання ў Беларусь быў прэфектам Навагрудскай гiмназii iмя А.Мiцкевiча. Пасля 2-й сусветнай вайны прызначаны пробашчам касцёла ў в. Мядзведзiчы Ляхавiцкага р-на Брэсцкай вобл., выконваў абавязкi Генеральнага вiкарыя Пiнскай каталiцкай дыяцэзіі. У 1950 арыштаваны i сасланы ў казахстанскiя лагеры. Паводле абвiнавачання, заклiкаў сялян не ўступаць у калгас. У Казахстане працягваў праводзіць службы для католiкаў, якiя знаходзiлiся ў зняволеннi. Падчас «хрушчоўскай адлiгi» вярнуўся ў парафiю ў в. Мядзведзiчы. У 1970-х г. у сваiм доме адкрыў без дазволу ўлад семiнарыю. П. выкладаў гiсторыю касцёла, кананiчнае права, этыку, замежныя мовы i фiласофiю. Семiнарыя была добра заканспiравана. Некаторыя слухачы ўладкоўвалiся на працу, таму савецкiм органам было цяжка «падвесцi» iх пад крымiнальны артыкул аб ухiленнi ад працы. Праз пэўны час у в. Мядзведзiчы прыязджалi ксяндзы i экзаменавалi слухачоў. Выпускнiкi праходзілі нават практыку ў парафiях. Потым яны давучвалiся ў Рызе і Каўнасе або таемна пасвячалiся ў капланства.
Літ.: Толочко М. Цветы на могилу священника // Советская Белоруссия. 1992. 11 лют.; Глябовiч А. Касьцёл у няволi // Спадчына. 1994, № 1—2; Канфесii на Беларусi [канец XVIII—XX ст.]. Мн., 1998; Гардзiенка А. Вацлаў Пянткоўскі // Дэмакратычная апазыцыя.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.