Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том II » МАШАРА Міхась
[Міхаіл Антонавіч; псеўданімы: С.Антонаў; М.Каліна, Міх.Каліна, Міхась Каліна; М.Машарак; крыптанім: М.М.; 5(18).11.1902, хутар Падсосна Дзісенскага пав. Віленскай губ., цяпер Шаркоўшчынскі р-н Віцебскай вобл. — 7.6.1976, Мінск], паэт, празаік, драматург, перакладчык. У 1915–18 вучыўся ў працоўнай школе ў Глыбокім. Быў арыштаваны польскімі ўладамі, але адпушчаны як непаўналетні. З вясны 1920 у Чырвонай Арміі; удзельнічаў у баях у Польшчы. Часць, у якой знаходзіўся М., была інтэрнавана ў Германіі. 11 месяцаў М. знаходзіўся ў лагеры Зальцведаль у Саксоніі. Пасля падпісання Рыжскай дамовы перададзены Польшчы; 8 месяцаў правёў у прафілактычным лагеры «Шчыпёрна». У 1923—25 служыў у польскай арміі. Пасля дэмабілізацыі арганізоўваў гурткі БСРГ у родных мясцінах. У 1927 рэдагаваў у Вільні газ. «Наша воля». Арыштаваны ў 1928; зняволены ў віленскай турме Лукішкі. Друкавацца пачаў у 1927. Вершы, напісаныя падчас зняволення, З.Верас тайна вынесла і ў 1928 выдала асобным зборнікам «Малюнкі», які стаў першай кнігай паэта. Зборнік «З-пад стрэх саламяных» (1937) канфіскаваны польскай адміністрацыяй; рукапіс зборніка «З ваколіц Сініх Балот» не быў надрукаваны. З канца 1939 кіраваў аддзелам народнай асветы Шаркоўшчынскага р-на. Член СП Беларусі з 1940. Падчас вайны працаваў у газ. «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Партызанскае слова», на радыё. Пасля вайны жыў у Мінску, працаваў у час. «Полымя» (1945—47), «Настаўніцкай газеце» (1947—49). У 1960—70 г. выступаў пераважна як празаік. Пераклаў на бел. мову творы П.Бажова, М.Гогаля, Г.Сянкевіча.
Тв.: На сонечны бераг! Вільня, 1934; Напрадвесьні. Вільня, 1935; Выбр. лірыка. Мн., 1945; Выбр. тв. Мн., 1958; Мая азёрная краіна: Выбр. Мн., 1962; Крэсы змагаюцца: Раман-хроніка. Мн., 1966; Сонца за кратамі: Раман-хроніка. Мн., 1968; Лукішкі: Раман-хроніка. Мн., 1970; Старонкі летапісу: Кніга ўспамінаў. Мн., 1975.
Літ.: Ваданосаў М. Сэнс жыцця — змаганне // ЛіМ. 1974, 27 снеж.; Паўлюкоўскі І. З кагорты змагароў // ЛіМ. 1977, 18 ліст.; БП, т. 4; ЭГБ, т. 5.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.