Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том II » МАРДВІЛКА Аркадзь Пятровіч
[псеўданімы: В.Армак (разам з В.Мараковым); В.Армар (разам з В.Мараковым); А.Вясковы; Аркадзь Лясны; крыптанімы: А.Л.; А.М.; А.М-ка; 24.8.1905, в. Языль Бабруйскага пав. Мінскай губ., цяпер Старадарожскі р-н Мінскай вобл. — 27.10.1986, Ташкент], лінгвіст, празаік, крытык, перакладчык. Падчас 1-й сусветнай вайны сям’я была ў бежанстве ва Уладзіміры. Там М. паступіў у гімназію. Вярнуўшыся ў Беларусь, працягнуў вучобу ў Слуцкай гімназіі. Першы верш апублікаваў у 1924, пасля выступаў як празаік і крытык. Быў членам «Маладняка», потым БелАПП. У 1926—27 вучыўся на Фанетычных курсах новых моў у Ленінградзе; у 1927—29 на педагагічным ф-це БДУ; у 1929—30 на Вышэйшых курсах новых моў пры 2-м Маскоўскім дзяржаўным ун-це. З 1931 выкладаў англійскую мову ў Беларускім аўтадарожным інстытуце. Арыштаваны 15.5.1933; прыгавораны да 3 гадоў высылкі. Працаваў перакладчыкам англійскай тэхнічнай літаратуры ў тэхнічным аддзеле Маскваволгабуда. З 1935 жыў у Ташкенце. Выкладаў англійскую мову ў розных навучальных установах. У 1950 экстэрнам скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т. У 1956 абараніў дысертацыю на ступень кандыдата філалагічных навук. Падрыхтаваў працы па методыцы выкладання англійскай мовы і рускай фразеалогіі. Перакладаў на рускую мову з англійскай і узбекскай. Пасля вымушанага перапынку ў 1930-х г. да творчасці па-беларуску ўжо не вярнуўся.
Тв.: Вялікае нараджэнне: Эскізы. Мн., 1932; Очерки по русской фразеологии. М., 1964; Как скорее усвоить значение английских слов. М., 1968.
Літ.: БП, т. 4; Маракоў Л. Шасцёра на фотаздымку // Роднае слова. 1999, № 6.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.