Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том II  » ЛАПО Дзмітрый Еўдакімавіч 

ЛАПО Дзмітрый Еўдакімавіч

[псеўданімы: Кама; Кантигров; Некорреспондент; Павел Очков; крыптанім: Л-о; кастр. 1861, мяст. Беліца Гомельскага пав. Магілёўскай губ., цяпер у межах Гомеля — лют. 1936, Краснаярск], пісьменнік, удзельнік народніцкага руху, грамадскі дзеяч. Пісаў на рускай мове. Вучыўся ў Гомельскай прагімназіі, дзе ўдзельнічаў у тайных гуртках самаразвіцця. З 1879 у Кіеўскай гімназіі, пасля сканчэння якой паступіў на юрыдычны ф-т Кіеўскага ун-та. Быў членам кіеўскай групы нарадавольцаў, займаўся справамі падпольнай друкарні. За агітацыю сярод рабочых і ў вёсках арыштаваны ў 1885 у Гомелі. Сасланы ў Табольскую, потым у Енісейскую губ. У ссылцы пачаў пісаць. У 1888 у газ. «Минский листок» і ў «Северо-Западном календаре на 1888 год» былі апублікаваны яго апавяданні. У 1890 пасля сканчэння тэрміна ссылкі вярнуўся ў Гомель; заняўся аднаўленнем мясцовых нарадавольніцкіх арганізацый. У 1892 пасяліўся ў Чыстапалі Казанскай губ.; займаўся прыватнай адвакатурай. Выдаў кнігу па гісторыі Чыстапаля. У 1896 пераехаў у Краснаярск. У 1898 здаў экзамены на званне юрыста ў Казанскім ун-це. З 1900 працаваў на юрыдычных пасадах у Краснаярску і Мінусінску. З 1898 супрацоўнічаў з сібірскімі газетамі. Належаў да партыі кадэтаў. Адстойваў правы карэннага насельніцтва Сібіры; быў членам Сярэдне-Сібірскага аддзялення Рускага геаграфічнага таварыства.

Тв.: Белорусские рассказы. Казань, 1895; Город Чистополь накануне реформы 17 июня 1870 г. Казань, 1897; Общественное управление минусинских инородцев. Томск, 1904; Преступление и наказание по степовому праву сибирских кочевых инородцев. Красноярск, 1905.

Літ.: Кузняева С. Судьба автора «Белорусских рассказов» // Неман. 1986, № 12; БП, т. 4.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".