Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том II » ЛАДА-ЗАБЛОЦКІ Тадэвуш Гіляравіч
[Заблоцкі-Лада; 27.8.1811, в. Лугінава (Лугінавічы) Сенненскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Сенненскі р-н Віцебскай вобл. — жн. 1847, Каўказ], паэт, перакладчык. Пісаў на польскай мове. Скончыў Віцебскую гімназію. У 1831 паступіў у Маскоўскі ун-т; удзельнічаў у тайным студэнцкім згуртаванні. За вершы антыцарскага зместу ў 1833 выключаны з ун-та, высланы на Радзіму; зняволены ў віцебскай турме. З 1837 у выгнанні — спачатку ў Таганрогу, потым (у 1838) адпраўлены салдатам на Каўказ. Даслужыўся да падпаручніка; быў кіраўніком саляных капальняў. Зблізіўся з грузінскімі, азербайджанскімі і расійскімі паэтамі. Пры падтрымцы Ю.Крашэўскага і Р.Падбярэзкага ў 1845 выдаў зборнік «Паэзія». Перакладаў на польскую мову творы зах.-еўрапейскіх аўтараў; пераклаў на французскую мову ўкраінскія народныя песні («Украінскія песні», Парыж, 1845); на рускую — «Гісторыю Азербайджана» А.Бакіханава. Сваім родным мясцінам прысвяціў паэтычныя творы: паэму «Ваколіцы Віцебска», элегіі «Да Дзвіны», «Даўжанскае возера», «Вілія» і інш. На матэрыялах «Хронікі» М.Стрыйкоўскага напісаў баладу «Ляшка». Маюцца звесткі, што пісаў таксама па-беларуску. На бел. мову творы Л.-З. перакладалі П.Бітэль, У.Мархель, К.Цвірка.
Літ.: Пачынальнікі. Мн., 1977; Хаўстовіч М. Душа вярталася на бераг Лучосы // Роднае слова. 1994, № 10; ЭГБ, т. 4; Kubacki W. Malwy na Kaukazis. Warszawa, 1964.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.