Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том II  » СМОЛІЧ Аркадзь Антонавіч 

СМОЛІЧ Аркадзь Антонавіч

[17(29).9.1891, в. Бацэвічы Бабруйскага пав. Мінскай губ., цяпер Клічаўскі р-н Магілёўскай вобл. — 17.6.1938, Омск, НКВД], дзеяч бел. нацыянальнага руху, географ, публіцыст. У 1905 скончыў Мінскую духоўную семінарыю; у 1916 Нова-Александрыйскі інстытут сельскай гаспадаркі і лесаводства ў Пулавах (Польшча). Вучыўся ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце. З 1910 член БСГ. Актыўны ўдзельнік клуба «Беларуская хатка» ў Мінску. У 1917 рэдагаваў газ. «Грамада». Народны сакратар асветы ў 1-м урадзе БНР. У 1918—22 знаходзіўся ў Гродне і Вільні. У 1919 у Вільні выдаў «Геаграфію Беларусі» — кнігу, разлічаную на шырокага чытача. Вярнуўся ў Мінск у жн. 1922. Працаваў загадчыкам планава-эканамічнага аддзела Наркамата земляробства. Адначасова з 1923 дацэнт, прафесар (1927) і загадчык кафедры ў БДУ. З 1925 нам. старшыні Інбелкульта, кіраўнік сельскагаспадарчай секцыі і камісіі па раянаванні БССР. У 1928 абраны правадзейным членам Расійскага геаграфічнага таварыства, узнагароджаны ім малым залатым медалём. Арыштаваны 26.6.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Осу Пермскай вобл., потым у Ішым Цюменскай вобл. Вызвалены ў жн. 1935. Зноў арыштаваны 17.6.1937. Паводле рашэння тройкі УНКВД па Омскай вобл. прыгавораны да расстрэлу. Па 1-м прыгаворы рэабілітаваны 10.6.1988, па 2-м — 9.2.1957.

Тв.: Арганізацыя сялянскай гаспадаркі ў раёнах Цэнтральнай Беларусі. Мн., 1927; Размяшчэнне насельніцтва на тэрыторыі Беларускай ССР. Мн., 1929; Геаграфія Беларусі / 4-е выд. Мн., 1995.

Літ.: Кароль А., Міхнюк У. Аркадзь Смоліч: паказанні на допытах // Голас Радзімы. 1992, 20 лют. — 19 сак.; Макарэвіч А., Міхнюк У. «Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў»: (Публікацыя архіўных матэрыялаў) // Полацак. 1993, №№ 8—10; 1994, №№ 1—8; 1995, №№ 1—8; Мяснікоў А. «Беларус — грамадзянін будучыні…»: (Лёс і трагедыя Аркадзя Смоліча) // Маладосць. 1994, № 7; Ліс А. Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1994; Болатаў А., Рыдзеўскі Г. Ахвяруючы сябе бацькаўшчыне. Аркадзь Смоліч. Мн., 1999; Возвращенные имена; ЭГБ, т. 6-1.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".