Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том II » МЯДЗЁЛКА Паўліна Вінцэнтаўна
[псеўданім: Паўлінка; крыптанім: М.; 12(24).9.1893, мяст. Будслаў Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер вёска Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 13.2.1974, Будслаў], артыстка, педагог, мемуарыстка. Скончыла Глыбоцкае царкоўнапрыходскае вучылішча. З 1907 у Рызе, вучылася на вячэрніх курсах для дарослых. З 1909 у Вільні, займалася ў прыватнай жаночай гімназіі Няздзюравай і Райсмілер. Зблізілася з віленскім бел. і сацыялістычным рухамі. Увосень 1912, пасля сканчэння гімназіі, накіравалася ў Пецярбург на Вышэйшыя камерцыйныя курсы, якія скончыла ў 1914. У 1913 выканала ролю Паўлінкі ў пецярбургскай прэм’еры п’есы Я.Купалы. Падчас 1-й сусветнай вайны ў эвакуацыі ў Царыцыне. З восені 1916 у Петраградзе сакратар Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны. У 1917 працавала ў Кіеве (Саюз гарадоў). У кастр. 1917 па дамоўленасці з княгіняй Магдаленай Радзівіл арганізавала бел. школу ў в. Жорнаўка Ігуменскага пав. Пасля таго, як у сак. 1918 школа была закрыта, перабралася ў Мінск. Працавала настаўніцай, удзельнічала ў пастаноўках Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Наведвала Вільню і Гродна. З 1918 выступала ў друку з вершамі. З вясны 1919 інспектар бел. школ, кіраўнік Грамады беларускай моладзі і драматычнага гуртка ў Гродне. 20.7.1919 арыштавана польскімі ўладамі за ўдзел у выданні газ. «Родны край» (Гродна), дзе, дарэчы, і друкавалася. З пачатку 1920 у Мінску, кіравала бел. жаночай школай. Зноў арыштавана разам з мужам Т.Грыбам польскімі ўладамі ў маі 1920. Перад наступленнем Чырвонай Арміі вывезена ў Варшаву, сядзела ў турме Вронкі на Пазнаншчыне. Пасля вызвалення накіравана на жыхарства ў Лодзь з забаронай пераязджаць на «ўсходнія крэсы». Па падробных дакументах выехала ў Вільню, потым (у лют. 1921) трапіла ў Літву. У Коўне займалася выданнем агітацыйнай літаратуры, накіраванай супраць польскай акупацыі Зах. Беларусі. Друкавалася ў газ. «Сялянская доля». З восені 1921 па прапанове Ц.Гартнага працавала ў выдавецкім аддзеле пры савецкім пасольстве ў Берліне. У 1922 пераехала ў Латвію, выкладала ў бел. гімназіі ў Дзвінску (цяпер Даўгаўпілс). У маі 1924 арыштавана латышскімі ўладамі разам з іншымі выкладчыкамі. Апраўдана судом у крас. 1925. 22.5.1925 разам з братам прыехала ў БССР. Працавала ў сектары мастацтва Інбелкульта. У 1927—30 выкладала бел. мову ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Арыштавана ДПУ БССР 18.7.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі»; выслана ў Казань. З восені 1932 выкладала рускую мову і літаратуру ў адной з маскоўскіх школ. Улетку 1947 пераехала ў мяст. Будслаў. Да 1958 працавала настаўніцай. У Будславе напісала свой найбольш значны твор — мемуары «Сцежкамі жыцця», якія ў фрагментах пачалі друкавацца з 1958 (асобным выданнем выйшлі ў 1974; ч. 2 надрукавана ў 1993). Заслужаны дзеяч культуры Беларусі (1966).
Тв.: Сялянская доля: Паэма. Б.м., 1921; Сцежкамі жыцця. Мн., 1974.
Літ.: Ермаловіч М. Першая выканаўца // Настаўніцкая газета. 1973, 15 вер.; Калеснік У. Галгофа адроджаных // Полымя. 1993, № 2; Марціновіч А. Паўліна, Паўлінка, Журавінка // ЛіМ. 1993, 10 вер.; Янушкевіч Я. Невядомыя старонкі жыцця Паўліны Мядзёлкі // Голас Радзімы. 1993, 23 вер.; Міхнюк У. «Невінаватым ад нас не выйдзеш…» // Беларуская мінуўшчына. 1995, № 6; БП, т. 4.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.