Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » КУКАБАКА Мiхась
[у зах. прэсе Mikhail Kukobaka; нар. 3.12.1936, Бабруйск], праваабаронца, публiцыст. Выхоўваўся ў дзiцячым прытулку, скончыў рамеснiцкае вучылішча, накiраваны на работу ў Сiбiр. Пасля пераязджаў у розныя рэгiёны СССР. КДБ вызначыў, што ён шукае кантактаў з зах. карэспандэнтамi. 14.4.1970 арыштаваны. Падчас вобыску знайшлі яго «Адкрыты лiст англійскаму пiсьменнiку Айвару Мантэгю» ў абарону Анатоля Кузняцова, аўтара «Бабьего яра». Гэта быў адказ К. на паклёпнiцкую публiкацыю англійскага лiтаратара ў газ. «Комсомольская правда». 4.11.1970 Судовая калегiя па крымiнальных справах Уладзiмiрскага абл. суда накiравала яго на прымусовае псіхiятрычнае лячэнне (у спецпсіхшпіталь у Сычэўцы Уладзiмiрскай вобл., праз 3 гады пераведзены ва Уладзiмiрскі псіхіятрычны шпіталь). Вызвалены ў 1976. Жыў у Маскве, потым вярнуўся ў Бабруйск. Там у 1978 напiсаў свой знакамiты нарыс «Скрадзеная Бацькаўшчына», прысвечаны планавай русiфiкацыi Беларусi. Запiсаў на магнiтную стужку тэкст гэтага нарыса, а таксама тэкст артыкула «Абарона правоў чалавека i разрадка — непадзельныя». Стужка трапiла на Захад. Тэксты нарысаў зачытваліся радыёстанцыямі «Нямецкая хваля» і «Свабода», перадрукоўваліся эмiгранцкімі выданнямі. Восенню 1976 i 1977 К. прымусова змяшчалi ў Магiлёўскі псіхiятрычны шпіталь з дыягназам «шызафрэнiя i паранаiдальны сіндром». У кастр. 1978 арыштаваны, а 20—21.6.1979 у Бабруйску над iм адбыўся суд. Асуджаны на 3 гады лагераў агульнага рэжыму паводле артыкула 186-1 КК БССР. Знаходзiўся ў Наваполацкiм лагеры. У зняволеннi працягваў займаць актыўную грамадзянскую пазіцыю — абараняў правы зняволеных, пiсаў скаргi ў пракуратуру, праводзiў галадоўкi пратэсту. Рэакцыя карных органаў была адпаведнай. У 1982 зноў паводле артыкула 186-1 КК БССР быў прыгавораны да 3-х гадоў лагераў. 7.3.1985 атрымаў чарговы прысуд — 6 гадоў пазбаўлення волi з высылкай на 4 гады з адбываннем пакарання ў папраўча-працоўным лагеры ўзмоцненага рэжыму. У iнфармаваннi грамадскасцi, ацэнцы становiшча К. шмат зрабiў акадэмiк А.Сахараў. На Захадзе была арганiзаваная грамадская кампанiя ў абарону К. — адпаведныя публiкацыi з’явiлiся ў «Нью-Йорк Таймс», iнфармацыю распаўсюджвала радыё «Свабода». Бел. дыяспарай у ЗША быў створаны «Камiтэт вязняў сумлення ў Беларусi». 6.12.1988 напярэдаднi вiзіту ў ЗША М.Гарбачова ў «Нью-Йорк Таймс» была апублiкавана нататка аглядальнiка Разенталя пад назвай «Падарунак Гарбачова Нью-Йорку» — так было ацэнена вызваленне апошняга паліт. вязня з Пермскага лагера. У 1989 незалежная псіхiятрычная экспертыза ў Маскве засведчыла яго псіхiчнае здароўе. Жыве ў Маскве.
Тв.: Украденная Родина // Время и Мы (Мюнхен). 1986, № 3; КГБ — социальная чума: свидетельствует жертва советского гестапо // Содействие (Вiльнюс). 1990. № 15.
Літ.: Mikhail Kukobaka. Byelorussian Worker, Imprisoned in the Soviet Union for Defending Human Rights // Amnesty International Campaign. London. June 1988; Susan Richards. Encounters in a changing Russia. Epics of Everyday Life. London, 1989. P. 282-286; Oн боролся за нас (судьба М.Кукобаки) // Ратуша (Магiлёў). 1990. № 2; Улiцёнак А. Iншадумцы = Мыслящие иначе. Мн., 1991. С. 223—243; Дзярновіч А. Міхась Кукабака // Дэмакратычная апазыцыя.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.