Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том I  » КАРАВАЙЧЫК Павел Гіляравіч 

КАРАВАЙЧЫК Павел Гіляравіч

[псеўданімы і крыптанімы: П.Каравай; П.Любецкі; Павал Любецкі; Павел Любэцкі; Павел Любецкі; Paulus; П.К.; П.Л.; К.П.; Л.П.; 3(15).6.1896, мяст. Любча Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер г. п. Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 21.11.1937, Чэбаксары, Чувашыя], крытык, публіцыст, паэт, медык. Пачатковую адукацыю атрымаў у Навагрудку. У 1911 паступіў у Мінскую гімназію, скончыў яе з залатым медалём у 1916 у Маскве, куды гімназія была эвакуіравана падчас 1-й сусветнай вайны. Вярнуўся ў Мінск, супрацоўнічаў з Таварыствам дапамогі ахвярам вайны. У 1917 — у рэдакцыі газ. «Вольная Беларусь», дзе пачаў друкаваць свае творы. Паступіў у Ваенна-медыцынскую акадэмію ў Петраградзе. Супрацоўнічаў з Белнацкамам і час. «Чырвоны шлях», з Наркаматам нацыянальнасцей РСФСР. На пачатку 1919 загадваў выдавецкім аддзелам Белнацкама і рэдагаваў газ. «Дзянніца». У 1919 перавёўся на 3 курс медыцынскага ф-та Маскоўскага ун-та, але быў прызваны ў Чырвоную Армію, у якой служыў да 1921. У 1921—23 чытаў лекцыі па бел. літаратуры на настаўніцкіх курсах у Бабруйску і Мінску. З 1922 у Мінску, паступіў на 3 курс медыцынскага ф-та БДУ, які скончыў у 1925. З восені 1922 да канца 1926 загадчык аддзела замежнага друку газ. «Савецкая Беларусь». У крас. 1926 удзельнічаў у заснаванні Медыцынскай секцыі Інбелкульта; член-карэспандэнт Інбелкульта з 1926. Аўтар даследавання бел. фальклору, сааўтар падручніка «Выпісы з беларускае літаратуры» (Ч. 1, Мн., 1926). У 1926—30 працаваў у клініцы нервовых хвароб медыцынскага ф-та БДУ. Арыштаваны ДПУ БССР 25.7.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Чэбаксары Чувашскай АССР. 29.7.1937 быў арыштаваны зноў. Прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны па абодвух справах у 1957 і 1959.

Літ.: Скалабан В. Будынак новы мы будуем…: (Вершы Паўла Каравайчыка) // Дзень паэзіі — 82. Мн., 1982; БП, т. 3.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".