Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » КАЗЛОЎСКІ Уладзіслаў
[псеўданім: Уладыслаў Казлоўшчык; 29.6.1896, в. Залессе Сакольскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Падляшскае ваяв., Польшча — 13.11.1943, Мінск], паліт. дзеяч, публіцыст, паэт. Вучыўся ў Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі (1916—19), дзе далучыўся да бел. нацыянальнага руху. Скончыў настаўніцкія курсы пры Цэнтральнай беларускай радзе Віленшчыны і Гродзеншчыны. Арганізоўваў школы ў Сакольскім пав., кааператыўны рух у Ігуменскім пав. У маі 1920 Беларускай вайсковай камісіяй накіраваны ў школу падхарунжых у Варшаве. Пасля яе сканчэння прызначаны інструктарам 1-га батальёна бел. стральцоў; эвакуіраваны з Мінска ў Лодзь. З 1921 служыў у польскім войску. У 1930 звольніўся ў запас у званні паручніка, пераехаў у Вільню, распачаў грамадска-паліт. і літаратурную дзейнасць. Арганізаваў гімнастычнае таварыства «Гайсак». Адзін з лідэраў крайне правага крыла бел. паліт. руху; разам з Ф.Акінчыцам у ліст. 1933 заснаваў актыў Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі (БНПС); у 1933—37 рэдактар-выдавец яе органа час. «Новы шлях». Польскія ўлады неаднаразова канфіскоўвалі тыраж асобных нумароў часопіса, па прычыне чаго К. судзіўся з уладамі. У 1939—40 сакратар Беларускай групы дапамогі пацярпелым ад вайны пры Літоўскім Чырвоным Крыжы. У 1941 хацеў аднавіць дзейнасць БНПС, але не атрымаў на гэта дазвол нямецкіх уладаў. Пераехаў у Мінск, быў рэдактарам «Беларускай газэты». Адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларускай народнай самапомачы. Застрэлены савецкімі падпольшчыкамі ў памяшканні рэдакцыі. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках, але месца пахавання невядома.
Тв.: Фізічнае выхаванне грамадзянства. Вільня, 1927; Аб фізічным выхаванні ў беларусаў. Вільня, 1928; Беларускія народныя песні з Сакольскага павету. Вільня, 1930; Плач Беларускай Старонкі Маткі па дзетках сваіх рэнегатах. Вільня, 1930; Путы кахання. Вільня, 1932; Шляхам змагання. Вільня, 1935; Казюк на кірмашы: Вершаванае апавяданне з Казюковага кірмашу ў Вільні. Вільня, 1940; Аўтабіяграфія // Новы шлях. 1937, 15 чэрв.
Літ.: Чыгрын С. «Прыйдзе той час — да сваіх я вярнуся…» // Ніва (Беласток). 1995. 22 студз.; БП, т. 6; ЭГБ, т. 4.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.