Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » КАЗАКЕВІЧ Ян Станіслаў
[Kozakiewicz Jan Stanis³aw; 1802, Дзісенскі пав. Мінскай губ. — 1848, Томск, Сібір], філамат, юрыст, публіцыст. Вучыўся ў Віленскім ун-це, дзе ўдзельнічаў у патрыятычных арганізацыях. З 27.1.1820 член «Саюза сяброў»; хутка стаў яго старшынёй. З 1820 таксама ў Таварыстве філарэтаў, дзе ўзначальваў «Ліловую групу» (студэнтаў-юрыстаў), потым узначаліў яшчэ адну юрыдычную групу — «белых». Распрацаваў праграму пашырэння дзейнасці Таварыства праз далучэнне ксяндзоў і дзейнасць студэнтаў на вакацыях. З гэтай мэтаю 24.3.1821 увайшоў у склад спецыяльнага камітэта, створанага дзеля збірання статыстычных даных па краю. Аўтар многіх рэфератаў, гісторыка-юрыдычных і статыстычных даследаванняў. Калі ў 1822 з «Саюза сяброў» вылучылася новая арганізацыя філадэльфістаў, увайшоў туды і хутка ўзначаліў яе. Арыштаваны ў 1823 пасля выкрыцця віленскіх маладзёжных арганізацый. Дзякуючы намаганням сваякоў пазбег выгнання, але застаўся пад наглядам паліцыі. Удзельнічаў у паўстанні 1830—31. Пасля паражэння паўстання выехаў у Францыю. У 1832 жыў у Страсбургу. Потым вярнуўся ў родны край, дамогся рэабілітацыі. Распачаў адвакацкую практыку, стаў адным з найвядомейшых віленскіх адвакатаў. Быў запрошаны на пасаду адваката Радзівілаўскай камісіі. У 1834 стаў сакратаром тайнага таварыства — Літоўскага Камітэта. У 1836 пазнаёміўся ў Мінску з Ш.Канарскім, наладзіў сувязь паміж ім і Літоўскім Камітэтам. Захоўваў шыфры і іншыя дакументы арганізацыі. Арыштаваны ў 1838. Прыгавораны да бестэрміновай ссылкі. Вывезены ў Томск, дзе працаваў на здабычы золата. З 1844 у канцылярыі томскага губернатара.
Літ.: Janik M. Dzieje рolaków na Syberii. Kraków, 1928; PSB, z. 63.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.