Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » КАГАНЕЦ Карусь
[сапр.: Кастравіцкі Казімір Рафаіл Карлавіч; іншыя псеўданімы і крыптанім: K.Kahaniec; Будзімір; К.Шашаль; К.Качанец; К.К.; 29.1(10.2).1868, Табольск, Расія — 20.5.1918, в. Прымагілле Мінскага пав., цяпер в. Юцкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.], празаік, паэт, драматург, мастак, грамадскі дзеяч. Сын удзельніка паўстання 1863—64, сасланага ў Сібір. У 1874 сям’і дазволена вярнуцца ў Беларусь, жылі ў в. Засулле каля Стоўбцаў і в. Прымагілле каля Койданава. Вучыўся ў Мінскім гарадскім вучылішчы, у 1890-х г. у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. Літаратурную дзейнасць пачаў у 1893. У 1890 — пачатку 1900 г. публікаваў апрацоўкі народных паданняў у газ. «Минский листок» і «Северо-Западный край». У 1902—03 удзельнічаў у стварэнні БСГ, распрацоўцы яе праграмы. Падрыхтаваў праект газ. «Палессе» (1904). У сак. 1905 удзельнічаў у І сялянскім з’ездзе Беларусі. Арыштаваны 19.12.1905 з групай агітатараў у Койданаўскай воласці. Да 16.5.1906 знаходзіўся ў Мінскай турме. 2.4.1910 асуджаны Віленскай судовай палатай на год зняволення, змешчаны ў Мінскую турму. Супрацоўнічаў з газ. «Наша ніва». Апрацаваў кірылічны варыянт першага бел. падручніка новага часу «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (СПб., 1906, выд. ананімна). Пры жыцці асобным выданнем выйшаў вадэвіль «Модны шляхцюк» (СПб., 1910), які карыстаўся вялікай папулярнасцю і быў адным з першых твораў нацыянальнага тэатральнага рэпертуару (ставіўся ў 1910 трупай І.Буйніцкага, у 1918 — Першым беларускім таварыствам драмы і камедыі, у 1928 — БДТ-2). У пачатку 1912 атрымаў месца ўпраўляючага фальваркам Жортаў у Барысаўскім пав., дзе і праслужыў апошнія 6 гадоў жыцця. Частка рукапіснай спадчыны К. пасля яго смерці трапіла да Я.Лёсіка, які апублікаваў яе ў «Беларусі» (1919) і «Вольным сцягу» (1921). Пахаваны ў в. Навасёлкі ля Койданава (Дзяржынска). У 1988 на магіле пастаўлены помнік.
Тв.: Творы. Мн., 1979.
Літ.: Біч М. Ад родных ніў: Грамадска-палітычныя погляды Каруся Каганца // Полымя. 1988, № 3; Германовіч І. Карусь Каганец як мовазнавец // Веснік БДУ. Серыя 4. 1974, №3; Каспяровіч М. Карусь Каганец // Маладняк. 1928, № 10; Скалабан В. Па слядах Сяргея Мглінскага // Мастацтва Беларусі. 1986, № 11; Станкевіч Л.І. Рукапісы Каруся Каганца ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І.Леніна // Кніжная культура Беларусі. Мн., 1991; БП, т. 3; ЭГБ, т. 3; АЗБ.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.