Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том I  » КАВАЛЕЎСКІ Восіп (Юзаф) Міхайлавіч 

КАВАЛЕЎСКІ Восіп (Юзаф) Міхайлавіч

[28.12.1800(9.1.1801), мяст. Вялікая Бераставіца Гродзенскага пав., цяпер цэнтр Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 9(21).10.1878, Варшава], філолаг, гісторык, арыенталіст. Паходзіў з сям’і уніяцкага святара. У 1808—17 вучыўся ў Свіслацкай гімназіі, удзельнічаў у тайнай арганізацыі «Таварыства аматараў навукі і айчыннай славеснасці». У 1821 скончыў Віленскі ун-т (ф-т літаратуры і вольных мастацтваў). Выкладаў польскую, лацінскую і грэчаскую мовы ў Віленскай гімназіі. Удзельнічаў у тайных таварыствах філаматаў і філарэтаў, за што быў арыштаваны царскімі ўладамі ў 1823. У 1825 высланы ў Казань, дзе ва ун-це вывучаў усх. мовы. У 1827 выехаў у Іркуцк, дзе ўдасканальваў веданне мангольскай мовы. У 1829 накіраваўся ў падарожжа па Манголіі і Кітаі. У 1833 вярнуўся ў Казанскі ун-т, дзе быў прызначаны спачатку ад’юнктам, а потым прафесарам. Прывёз вельмі багатую калекцыю матэрыялаў і рукапісаў на мангольскай, тыбецкай, кітайскай, маньчжурскай мовах. У 1835 выдаў «Кароткую граматыку мангольскай кніжнай мовы»; у 1836—37 «Мангольскую хрэстаматыю» (т. 1—2); у 1844—49 «Мангольска-руска-французскі слоўнік» (т. 1—3), за які атрымаў ад Пецярбургскай АН Дзямідаўскую прэмію. У 1847 абраны акадэмікам Пецярбургскай АН. Выступаў у друку з артыкуламі на філалагічныя тэмы, перакладаў на польскую мову антычную класіку. У 1855—60 рэктар Казанскага ун-та. З 1862 прафесар і дэкан гісторыка-філалагічнага ф-та Варшаўскага ун-та.

Літ.: Kotwicz W. Józef Kowalewski — orientalista (1801—1878). Wroc³aw, 1948; Фролов Е. Вильнюсский период жизни и деятельности О.М.Ковалевского // Учёные записки Вильнюсского университета. Серия историко-филологическая. 1958, т. 4; Шамов Г.Ф. Профессор О.М.Ковалевский: Очерк жизни и научной деятельности. Казань, 1983; Міхнюк У.М., Шалькевіч В.Ф. Усходазнаўца Восіп Кавалеўскі // Весці АН БССР. Серыя грамадскіх навук. 1985, № 5; ЭГБ, т. 3; АЗБ.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".