Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » ЗВОНАК Алесь
[сапр.: Пётр Барысавіч; іншыя псеўданімы: Алесін; П.Алесін; Сашка Звонак; 1(14).2.1907, Мінск — 2.2.1996, Мінск], паэт, драматург, перакладчык, тэатразнавец. У 1925 скончыў агульнаадукацыйныя курсы ў Мінску. Першыя вершы апублікаваў у 1925. Працаваў у таварыстве «Кніга — вёсцы», адказным сакратаром полацкай акруговай газ. «Чырвоная Полаччына». Кіраваў Полацкай філіяй «Маладняка». Пасля ў Мінску; рэдактар літаратурных перадач Беларускага радыё (1927—29), адказны сакратар і рэдактар аддзела паэзіі час. «Маладняк» (1929—31). Адначасова вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага ф-та БДУ, якое скончыў у 1931. У тым жа годзе стаў студэнтам 3 курса літаратурнага ф-та МДУ; потым перайшоў у аспірантуру Тэатральнага камбіната. Накіраваны ў Ленінградскую акадэмію мастацтвазнаўства, дзе спецыялізаваўся па гісторыі тэатра 20 ст. Член СП Беларусі з 1935. У 1935—36 напісаў дысертацыю па гісторыі бел. тэатра, тэкст якой знаходзіўся ў Белдзяржвыдавецтве. У той час З. быў навуковым супрацоўнікам БелАН і загадчыкам аддзела мастацтва ў газ. «Літаратура і мастацтва». 14.11.1936 арыштаваны; асуджаны на 10 гадоў лагераў і накіраваны ў Магаданскую вобл. Рукапісы некалькіх манаграфій З. (у тым ліку пра тэатры У.Меерхольда і У.Галубка) загінулі. Пасля вызвалення ў 1946 працаваў вольнанаёмным у залатаносных капальнях. Рэабілітаваны ў 1954. У канцы 1955 вярнуўся ў Мінск, займаўся творчай працай. Выступаў у галіне крытыкі, драматургіі тэатра і кіно. Пісаў сцэнарыі навукова-папулярных фільмаў. Перакладаў на бел. мову творы рускіх, украінскіх, літоўскіх, латышскіх аўтараў. На тэксты вершаў З. напісаны песні.
Тв.: Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1977; Сябрына: Выбр. тв. Мн., 1987.
Літ.: Броўка П. Пра Алеся Звонака // Броўка П. Зб. тв.: У 7 т. Т. 7. Мн., 1968; БП, т. 2.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.