Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том I  » ЗАРЭЦКІ Міхась 

ЗАРЭЦКІ Міхась

[сапр.: Касянкоў Міхаіл Яўхімавіч; 20.11.1901, в. Высокі Гарадзец Сенненскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Талачынскі р-н Віцебскай вобл. — 29.10.1937, Мінск, НКВД], празаік, драматург, перакладчык, крытык. Дзяцінства прайшло ў в. Зарэчча пад Шкловам — адсюль паходзіць і псеўданім. Вучыўся ў Аршанскім духоўным вучылішчы і Магілёўскай духоўнай семінарыі (у 1917 пакінуў семінарыю пасля 2 гадоў вучобы). У 1919 настаўнічаў на Магілёўшчыне. У 1920—27 палітработнік Чырвонай Арміі. Публікавацца пачаў у 1922. З 1924 член літаб’яднання «Маладняк», уваходзіў у Цэнтральнае Бюро арганізацыі. У 1926—27 рэдагаваў час. «Маладняк». У 1927 стаў адным з ініцыятараў утварэння новага літаб’яднання «Полымя». У жн. — кастр. 1927 у складзе дэлегацыі бел. літаратараў наведаў Латвію, Чэхаславакію, Германію, Францыю. Адзін з ініцыятараў тэатральнай дыскусіі ў ліст. 1928 [артыкулы «Два экзамены (Да пытання аб тэатральнай крытыцы)», «Чым пагражае нам Белдзяржкіно? (Да крытыкі тэматычнага плана)»]. Выступленні З. ў друку былі расцэнены як праявы нацыянал-дэмакратызму. Разам з А.Александровічам і А.Дударом ён заявіў пра выхад з БДУ (публікацыя ў «Савецкай Беларусі» 4.12.1928). У 1929 выключаны з ВКП(б). Член СП Беларусі з 1934. Працаваў загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва БелАН. Арыштаваны 3.11.1936. Расстраляны. Многія рукапісы З. загінулі, у прыватнасці, гістарычная драма «Рагнеда» (1929), працяг рамана «Крывічы». Рэабілітаваны ў 1957.

Тв.: Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1989—1992.

Літ.: Мушынскі М. Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага. Мн., 1991; БП, т. 2; ЭГБ, т. 3.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".