Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » ЖАЎНЯРОВІЧ Ігнат
[7.11.1890 — жн. 1937, Казахстан], рыма-каталіцкі святар, грамадскі і культурны дзеяч. У 1912 скончыў Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Санкт-Пецярбургу. У 1913—14 вучыўся ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі, дзе ўваходзіў у культурна-асветны гурток бел. студэнтаў. У 1915 пасвечаны ў святары. У ліст. 1915 прызначаны вікарыем у Прыдруйскі касцёл. 22.12.1915 камандзіраваны ў Рыбінск у дапамогу святару. Адначасова выкладаў Закон Божы ў мясцовых навучальных установах. З 17.2.1917 часова пробашч Рыбінскага касцёла. Пазней пераведзены ў Магілёўскую архідыяцэзію. Удзельнік 1-га з’езда беларускага каталіцкага духавенства (Мінск, 24—25.5.1917). Член саюза ксяндзоў-беларусаў. У 1921—24 святар у Аршанскай парафіі. У 1924—25 выконваў абавязкі адміністратара парафіі ў Маскве. У 1925—27 адміністратар парафіі Свяцілавічы Магілёўска-Горацкага дэканата. Пераследаваўся савецкімі ўладамі. У канцы 1930-х г. арыштаваны НКВД. Прыгавораны да 5 гадоў лагераў. Знаходзіўся ў зняволенні на востраве Анзер Салавецкага архіпелага. Да ліп. 1932 браў удзел у тайных набажэнствах сярод зняволеных. За гэта атрымаў яшчэ 5 гадоў пазбаўлення волі. Высланы ў Казахстан. Памёр у ссылцы.
Літ.: Гарбінскі БРД; Dzwonkowski R. Losy duchowieństwa katolickiego w ZSSR, 1917—1937: Martyrologium. Lublin, 1998; Stankiewicz A. Rodnaja mowa u światyniach. Wilnia, 1929.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.