Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » ДУШЭЎСКІ Клаўдзій Сцяпанавіч
[Дуж-Душэўскі; псеўданім і крыптанім: К.Душ; К.Д.; 27.3 (паводле іншых звестак 13(26).4.1891, мяст. Глыбокае Дзісенскага пав. Віленскай губ., цяпер Глыбокае Віцебскай вобл. — 25.2.1959, Вільнюс], паліт. дзеяч, дыпламат, рэдактар, педагог. У 1912 скончыў Віленскае рэальнае вучылішча, дзе далучыўся да бел. руху. Іграў Крыніцкага ў «Паўлінцы» Я.Купалы. У 1912—18 вучыўся ў Пецярбургскім горным інстытуце. Удзельнічаў у выданні час. «Раніца». Паводле яго сведчання, стварыў эскіз бел-чырвона-белага сцяга. З 1917 у БСГ. У 1918 працаваў загадчыкам бежанскага аддзела Белнацкама. З крас. 1919 у Вільні. Восенню 1919 — дыпламатычны прадстаўнік урада БНР у дзяржавах Балтыі. Выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі і на беларускіх настаўніцкіх курсах. У пачатку 1921 арыштаваны польскімі ўладамі. Вызвалены 7.2.1921; эміграваў у Літоўскую рэспубліку (Каўнас). У 1920—30-х г. працаваў у міністэрствах Літвы. У 1927 скончыў Літоўскі ун-т (Каўнас). Рэдагаваў час. «Беларускі сцяг» (1922), браў удзел у выданні час. «Крывіч» (1923—26), рэдагаваў час. «Беларускі асяродак» (1933). Перакладаў на бел. мову падручнікі для сярэдніх школ. Арыштаваны савецкімі ўладамі 2.7.1940. У жн. 1943 арыштаваны нямецкімі ўладамі за дапамогу яўрэям; зняволены ў лагеры каля Правянішкес. У 1944—46 дацэнт Каўнаскага ун-та. У снеж. 1946 — маі 1947 пад следствам у Вільні. Зноў арыштаваны ў лют. 1952; асуджаны на 25 гадоў зняволення як бел. нацыяналіст. Вызвалены ў крас. 1955. Працаваў у інстытуце «Літбудпраект». Пахаваны ў Каўнасе. Лічыцца аўтарам бел. нацыянальнага сцяга.
Літ.: Рудовіч С. Белы, чырвоны, белы… // Звязда. 1992, 25 сак.; ЭГБ, т. 3.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.