Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том I  » ДУДЗІЦКІ Уладзімір 

ДУДЗІЦКІ Уладзімір

[сапр.: Гуцька Уладзімір Ермалаевіч; 27.12.1910 (8.1.1911), в. Дудзічы Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер Пухавіцкі р-н Мінскай вобл. — ?], паэт, празаік, перакладчык, публіцыст. У 1927 пераехаў у Мінск; у 1930 скончыў 22-ю мінскую сямігодку і паступіў у МБПТ. Разам з С.Астрэйкам, Л.Калюгам, С.Русаковічам Д. быў выключаны з «воўчым білетам» як «нацдэм». Пры дапамозе Л.Калюгі і У.Хадыкі ўладкаваўся на работу стыльрэдактарам у газ. «Савецкая Беларусь». Пазней працаваў стыльрэдактарам у выдавецтве БелАН; адначасова займаўся на падрыхтоўчых курсах пры БДУ. Паступіў на літаратурна-лінгвістычны ф-т МВПІ. Арыштаваны ДПУ БССР 23.2.1933; праз 9 месяцаў сасланы на 3 гады ў лагеры. Пакаранне адбываў у Новасібірску, Марыінску, Казахстане, Узбекістане. Пасля дазволу вярнуцца ў Беларусь жыў у Віцебску. Працаваў выкладчыкам бел. мовы і літаратуры; экстэрнам здаў экзамены за курс педінстытута. Друкавацца пачаў у 1937. У 1939 звольнены з педагагічнай работы рашэннем Віцебскага абкама КП(б)Б. Быў вымушаны пакінуць Віцебск, а потым і Беларусь. Хаваўся ў Расіі. Напярэдадні вайны вярнуўся ў Беларусь. Падчас нямецкай акупацыі жыў у Мінску, Барысаве. Займаўся культурнай дзейнасцю. Увайшоў у склад БЦР, узначаліў аддзел прапаганды Беларускай Краёвай Абароны. Актыўна выступаў у друку з вершамі, паэмамі, артыкуламі. У 1944 выехаў у Германію. Служыў у Міністэрстве прапаганды. Потым жыў у амерыканскай акупацыйнай зоне; перасяліўся ў Венесуэлу. У 1950 — пачатку 1960 галоўны рэдактар бел. рэдакцыі радыё «Свабода» ў Мюнхене. Публікаваўся ў бел. эмігранцкіх выданнях. З 1961 у ЗША; выкладаў рускую мову ва ун-це Блумінгтана (штат Індыяна). Неўзабаве вярнуўся ў Венесуэлу. Пасля сляды Д. губляюцца. У канцы 1970-х г. знік. Па некаторых звестках (успамінах жонкі Веры), магчыма, у былым Савецкім Саюзе. Па справе 1933 рэабілітаваны ў 1956.

Тв.: Напярэймы жаданьням. Нью-Йорк, 1994; У кн.: Туга па Радзіме: Паэзія беларускай эміграцыі. Мн., 1992.

Літ.: Сачанка Б. З малавядомага і забытага // ЛіМ. 1991, 28 чэрв.; Савік Л. Напярэймы жаданням // Пакліканыя. Літаратура беларускага замежжа. Мн., 2001.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".