Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » ДРУЖЧЫЦ Васіль Данілавіч
[Друшчыц; 27.1.(8.2).1886, в. Блудзень Пружанскага пав. Гродзенскай губ., цяпер в. Першамайская Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 20.12.1937, Мінск, НКВД], гісторык. У 1901 скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, у 1907 — Літоўскую духоўную семінарыю (Вільня), у 1911 — Юр’еўскі (Тартускі) ун-т. У 1911—22 выкладаў гісторыю ў Вільні, Шаўлях, Рэчыцы, Бабруйску. Удзельнічаў у рабоце Беларускага культурна-асветнага таварыства ў Бабруйску. З 1922 выкладчык, з 1927 прафесар кафедры гісторыі Беларусі БДУ. Адначасова з 1924 правадзейны член Інбелкульта; з 1927 старшыня камісіі Інбелкульта па гісторыі гарадоў. З 1933 супрацоўнік Інстытута гісторыі БелАН, прафесар кафедры гісторыі народаў СССР Літаратурнага інстытута імя Герцэна (Масква). Даследаваў бел. сярэдневякоўе, магдэбургскае права ў бел. гарадах, гісторыю кнігадрукавання. Арыштаваны 14.1.1937. Асуджаны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 19.12.1937 на расстрэл. Рэабілітаваны 5.7.1958.
Тв.: Палажэнне Літоўска-Беларускай дзяржавы пасля Люблінскай уніі // Працы БДУ. 1925, № 6—7; Места Менск у канцы XV і пачатку XVI ст. // Тамсама. 1926, № 12; Беларускія месты ў гістарычнай літаратуры // Гістарычна-археалагічны зборнік. Мн., 1927.
Літ.: Іофэ Э. Летапісец айчыннай гісторыі // ЛіМ. 1986, 14 лют.; Возвращенные имена; ЭГБ, т. 3.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.