Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том I  » ДВАРЧАНІН Ігнат Сымонавіч 

ДВАРЧАНІН Ігнат Сымонавіч

[псеўданімы і крыптанімы: Гудок; І.Гудок; Ігнат Гудок; Ігналь Гудок; І.Ладанчук; І.Д-н; І.Д.; 27.5(8.6).1895, в. Погіры Слонімскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Дзятлаўскі р-н Гродзенскай вобл. — 8.12.1937, Ленінградская вобл., НКВД], паэт, літаратуразнавец, паліт. і культурны дзеяч. У 1912 здаў экзамены на званне народнага настаўніка. Працаваў на Слонімшчыне. У 1915—17 на вайсковай службе. Стаў членам БСГ. Першыя вершы надрукаваў у 1917. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Усебеларускага кангрэса 1917. Арыштаваны 18.12.1917. У 1918 па запрашэнні А.Чарвякова працаваў у Беларускім нацыянальным камісарыяце ў Маскве. У 1919—20 вёў культурна-асветную работу на Дзятлаўшчыне; інтэрнаваны польскімі ўладамі ў Беластоцкі лагер, адкуль уцёк. З 1921 ў Даўгаўпілсе, удзельнічаў у бел. культурнай працы. Пераехаў у Прагу, у 1925 скончыў Карлаў ун-т са званнем доктара філасофіі (дысертацыя «Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве»). Публікаваўся ў выданнях «Перавясла», «Студэнцкая думка», «Прамень», «Наш сцяг», «Наш шлях» і інш. З 1926 у Вільні; выкладчык бел. гімназіі, член Галоўнай управы ТБШ (1926—30). Супрацоўнічаў у час. «Маланка», «Родныя гоні». У 1927 уклаў і выдаў «Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры (ад 1905 году)». У 1928 абраны дэпутатам сейма; адзін з кіраўнікоў арганізацыі «Змаганне» (1928—30). У 1930 арыштаваны польскімі ўладамі і асуджаны на 8 гадоў турмы. З 1932 у выніку абмену палітзняволеных у Мінску. Працаваў у Камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі БелАН; выконваў абавязкі дырэктара Інстытута мовазнаўства. Арыштаваны ДПУ БССР 16.8.1933 па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра». Паводле пастановы судовай калегіі ДПУ БССР 9.1.1934 прыгавораны да расстрэлу, замененага зняволеннем у лагерах тэрмінам на 10 гадоў. Накіраваны на Салаўкі, потым на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала. Паводле пастановы «тройкі» НКВД па Ленінградскай вобл. ад 25.11.1937 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны 16.8.1956. У 1983 у Погірах устаноўлена мемарыяльная дошка, у 1989 у Дзятлаве адкрыты помнік Д.

Тв.: Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве: Пераклад з чэшскай. Мн., 1991; [Вершы] // Беларусь. 1988, № 1; [Вершы] // Ростані волі. Мн., 1990.

Літ.: Калеснік У. Чалавек з паходняй // Звязда. 1985, 8 чэрв.; Barszczewski A., Bergman A., Tomaszewski J. Ignacy Dworczanin, bia³oruski polityk i uczony. Warszawa, 1990; БП, т. 2; ЭГБ, т. 3.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".