Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том I  » ДАЎГЯЛА Дзмітрый Іванавіч 

ДАЎГЯЛА Дзмітрый Іванавіч

[крыптанімы: Д.Д.; Дм.Д.; 20.10(1.11).1868, в. Казьяны Гарадоцкага пав. Віцебскай губ., цяпер Шумілінскі р-н Віцебскай вобл. — 1942 ?, Казахстан], гісторык, класік бел. археаграфіі. Скончыў Віцебскую семінарыю і Пецярбургскую духоўную акадэмію (1894). Выкладаў у Віцебску ў семінарыі і мужчынскай гімназіі. З 1897 архіварыус Віцебскага цэнтральнага архіва старажытных актаў. У 1903 пераехаў у Вільню, дзе працаваў у аб’яднаным Архіве старажытных актаў, выкладаў у навучальных установах. У 1906 рэдагаваў газ. «Белая Русь». У 1906—15 член Віленскай археаграфічнай камісіі, з 1913 яе старшыня. Рэдактар «Записок Северо-Западного отдела Русского географического общества» (1910—14), апублікаваў у іх шэраг прац па гісторыі Беларусі. Пасля эвакуацыі з Вільні ў 1915 — у Магілёўскім архіве. Удзельнічаў ва Усебеларускім кангрэсе 1917. З 1921 загадчык Магілёўскага губернскага архіва. З 1925 супрацоўнік Інбелкульта, дацэнт БДУ, з 1929 дырэктар бібліятэкі БелАН, у 1937 навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі БелАН. Найбольшую вядомасць Д. прынесла яго археаграфічная праца — падрыхтоўка і выданне зборнікаў дакументаў: «Историко-юридические материалы…» (т. 27—32, Віцебск, 1899—1906), «Акты, издаваемые Виленской комиссией…» (т. 32—37, Вільня, 1907—12), «Беларускі архіў» (т. 1—3, Мн., 1927—30), «Матэрыялы да гісторыі мануфактуры Беларусі ў часы распаду феадалізму» (т. 1—2, Мн., 1934—1935), «Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах» (т. 1, Мн., 1936). Арыштаваны 10.12.1937; пастановай пазасудовых органаў ад 11.9.1939 высланы ў Казахстан на 5 гадоў. Памёр у ссылцы. Рэабілітаваны 9.6.1964.

Тв.: Радошковичи, заштатный город Виленской губернии. Вильна, 1907; З гісторыі беларускага пісьменства XVII ст. Мн., 1927; Літоўская Мэтрыка і яе каштоўнасьць для вывучэньня мінуўшчыны Беларусі. Рыга, 1933.

Літ.: Улащик. Очерки; ЭГБ, т. 3; Возвращенные имена.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".