Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том I  » ДАРОЖНЫ Сяргей Міхайлавіч 

ДАРОЖНЫ Сяргей Міхайлавіч

[сапр.: Серада Сяргей Міхайлавіч; іншыя псеўданімы і крыптанім: Т.Трыкліні; Л.Трыер; С.Д.; 25.2.1909, Слонім Гродзенскай губ., цяпер Гродзенская вобл. — 19.7.1943, Камсамольск-на-Амуры, ГУЛАГ], паэт. У час 1-й сусветнай вайны сям’я была ў бежанстве ў Варонежы. З 1921 выхоўваўся ў Мазырскім дзіцячым доме, бо застаўся без бацькі (аднаго з паплечнікаў Булак-Балаховіча). У 1924 паступіў у МБПТ. Першыя вершы з’явіліся ў друку ў 1925. У 1926 выйшла першая паэтычная кніга (сумесна з І.Плаўнікам). Быў членам літаб’яднанняў «Маладняк» (1926—27), «Узвышша» (з 1928). У 1930 скончыў БДУ (у час вучобы быў выключаны «за сокрытие социального происхождения» свайго бацькі, які ў той час жыў у Польшчы, і аб чым паведаміла газ. «Звязда», але потым змог аднавіцца). Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газет, стыльрэдактарам час. «Работніца і сялянка Беларусі», на радыё, адкуль быў звольнены за «сістэматычнае працягванне ў сваіх літаратурных перадачах нацдэмаўскіх установак да мікрафону, нарачытае змазванне ролі партыі ў барацьбе з контррэвалюцыйным нацдэмакратызмам, паклёп на палітыку партыі на вёсцы». Член СП Беларусі з 1934. Па прапанове А.Александровіча выключаны ў 1935. Арыштаваны ДПУ БССР 29.8.1936; асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі. Быў абвінавачаны ў падрыхтоўцы замаху на першага сакратара ЦК КП(б)Б М.Гікалу, пра якога збіраў матэрыялы для кнігі. Накіраваны на будаўніцтва Камсамольска-на-Амуры, дзе і загінуў. Рэабілітаваны ў 1957.

Тв.: Выбр. вершы. Мн., 1966; Звон вясны. Мн., 1926; Васільковы россып: Вершы. Мн., 1929; Пракосы на памяць: Вершы. Мн., 1932.

Літ.: Шушкевіч С. Ён песню насіў у грудзях… // Шушкевіч С. Выбр. тв. Мн., 1978. т. 2.; Маракоў Л. Асуджаны, як «тэрарыст». // ЛіМ. 1999. 5 сак.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".