Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » ГЕНIЮШ Ларыса Антонаўна
[дзявочае прозвiшча Мiклашэвiч; 27.7(9.8.).1910, маёнтак Жлобаўцы каля в. Воўпа Гродзенскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Ваўкавыскі р-н Гродзенскай вобл. — 7.4.1983, Зэльва Гродзенскай вобл.], паэтэса, празаік, грамадскі дзеяч. Скончыла Ваўкавыскую гiмназiю (1928). Узяла шлюб з Янкам Генiюшам і ў 1937 пераехала ў Прагу, дзе ён вучыўся, а потым працаваў лекарам. Пасля таго, як Чырвоная Армiя заняла ў 1939 Зах. Беларусь, быў арыштаваны бацька Г. Пасля нядоўгага зняволення ў гродзенскай турме яго расстралялі. Мацi Г. i двух яе сясцёр выслалі ў Казахстан. У 1937—48 жыла ў Празе. Наладзiла стасункi з бел. эмiграцыяй, брала ўдзел у працы ўрада БНР на эмiграцыi. У сак. 1943 стала Генеральным сакратаром урада i займалася захаваннем і ўпарадкаваннем архiва БНР. Апекавалася бел. эмiгрантамi, палiт. ўцекачамi, бел. работнiкамi i ваеннапалоннымi ў Германіі. 5.3.1948 арыштавана з мужам у Вiмперку (Чэхiя); 12 жн. iх перадалi савецкiм уладам. Утрымліваліся ў савецкiх турмах Вены i Львова, з канца 1948 у турме ў Мінску, дзе Г. дапытваў мiнiстр Дзяржбяспекi БССР Л.Цанава, які беспаспяхова патрабаваў ад Г. перадаць архiвы БНР. У лют. 1949 Вярхоўны суд БССР прыгаварыў Г. да 25 гадоў зняволення ў лагерах. На такi ж тэрмiн быў асуджаны Я.Генiюш. Пакаранне адбывала ў лагерах Iнта i Абедзе (Комi АССР) i ў Мардоўскай АССР. У 1956 разам з мужам часткова рэабiлiтавана, тэрмiн пакарання зменшаны да 8 гадоў, якiя ўжо прайшлi з моманту прысуду. Пасля вызвалення пасялiлiся на Радзiме мужа ў Зэльве. Прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства, засталася грамадзянкай Чэхаславакіі. Дом Генiюшаў у Зэльве стаў прыцягальным асяродкам для творчай моладзi Беларусi. Нягледзячы на нагляд КДБ, тут бывалi частымi гасцямi паэты i пiсьменнiкi, мастакi, навукоўцы. Вершы Г. пісала яшчэ ў гiмназii, а друкавацца пачала ў 1939 у бел. перыядычных выданнях «Ранiца», «Беларускi работнiк», «Новы шлях» і iнш. У 1942 у Празе выйшаў першы зборнiк яе паэзii. Пiсала вершы i ў зняволеннi. Пасля вызвалення яе творчасць на працягу 10 гадоў была забаронена. У 1967 пры садзейнічанні М.Танка надрукаваны яе першы ў савецкай Беларусi зборнiк «Невадам з Нёмана». Доўгі час Г. дазвалялi выступаць толькi як дзiцячай пiсьменнiцы (апублікавала 2 кнiжкi вершаў для дзяцей). Пасля заняпаду таталiтарызму пасмяротна былi выдадзены найбольш поўныя i значныя зборнiкi яе твораў. Пахавана ў Зэльве.
Тв.: Ад родных нiў. Прага, 1942 (факсімільнае выд. Слонім, 1995); Невадам з Нёмана. Мн., 1967; Казкi для Мiхаськi. Мн., 1972; Добрай ранiцы, Алесь. Мн., 1976; На чабары настоена. Лiрыка. Мн., 1982; Dziewiać wieršau. Bie³astok, 1987; Белы сон: Вершы i паэмы. Мн., 1990; Вершы: Рукапісны зборнік з 1945—1947. Лондан, 1992; Маці і сын. Беласток, 1992; Споведзь. Мн., 1993; Выбр. вершы. Мн., 1997; Ларыса Геніюш. Выбраныя творы. Мн., 2000.
Літ.: Бiчэль-Загнетава Д. З прынямонскiх вярбiн // Полымя. 1988, № 4; Neureiter F. Larysa Henijuš // Weissrussische Antologie. München, 1983; Марцiновiч А. «Ты мой боль святы, Беларусь мая...» // Роднае слова. 1992, № 3; Сачанка Б. Ларыса Генiюш // Маладосць. 1988, № 10; Чарняўскі М. Ларыса Геніюш // Дэмакратычная апазыцыя; БП, т. 2; ЭГБ, т. 2.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.