Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том I  » ГАРЭЦКІ Гаўрыла Іванавіч 

ГАРЭЦКІ Гаўрыла Іванавіч

[псеўданімы: Г.Гурык; Габрыель; 28.3(10.4).1900, в. Малая Багацькаўка Мсціслаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 20.11.1988, Мінск], геолаг, географ, эканаміст, статыстык, дэмограф, публіцыст, грамадскі дзеяч. Брат М.Гарэцкага. У 1917—19 супрацоўнічаў з Беларускай секцыяй студэнтаў Горацкага сельскагаспадарчага інстытута. Адзін з ініцыятараў і аўтараў выдання зборніка «Маладая Беларусь» (1922). Арыштаваны АДПУ у вер. 1922 у Маскве; вызвалены праз месяц. У 1924 скончыў Пятроўскую (Ціміразеўскую) сельскагаспадарчую акадэмію. З 1925 дацэнт БСГА; з 1927 дырэктар Беларускага НДІ сельскай і лясной гаспадаркі пры СНК БССР. З 1928 акадэмік БелАН. Распрацоўваў шляхі рэалізацыі папулярнай у 1920-я г. ў БССР канцэпцыі «Беларусь — «чырвоная» Данія». Аўтар прац па эканоміцы, эканамічнай геаграфіі, фальклоры. Арыштаваны ДПУ БССР 24.7.1930 па справе «Працоўнай сялянскай партыі». Пазбаўлены звання акадэміка 6.12.1930. Асуджаны 6.6.1931 на 10 гадоў пазбаўлення волі. Датэрмінова вызвалены ў 1934. Працаваў у геалагічных экспедыцыях Гідрапраекта СССР. Арыштоўваўся ў 1937 і 1938. У 1946 стаў доктарам геолага-мінералагічных навук. Рэабілітаваны 22.4.1958; адноўлены ў званні акадэміка ў ліп. 1965. З 1969 да 1985 загадчык аддзела (з 1977 лабараторыі) геалогіі і палеапатамалогіі антрапагена Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР. З 1972 заслужаны дзеяч навукі БССР. Яго імем названы многія віды выкапнёвых раслін і жывёл. У 1997 створаны Міжнародны фонд братоў Гарэцкіх.

Тв.: Руска-беларускі слоўнік. Смаленск, 1918 (2-е выд. Вільня, 1920; разам з М. Гарэцкім); Народны прыбытак Беларусі. Мн., 1926; Межы Заходняй Беларусі ў Польшчы: (Нацыянальны склад насельніцтва Заходняй Беларусі). Мн., 1928; Нацыянальныя асаблівасці насельніцтва БССР і беларускага насельніцтва СССР паводле перапісу 1926 г. Мн., 1929; Аллювий великих антропогеновых прарек Русской равнины. Прареки Камского бассейна. М., 1964; Формирование долины р. Волга в раннем и среднем антропогене. Аллювий Пра-Волги. М., 1966; Аллювиальная летопись великого Пра-Днепра. М., 1970; Асноўныя вынікі вывучэння антрапагену Беларусі ў Акадэміі навук БССР // Даследаванні антрапагену Беларусі. Мн., 1978; Каля вытокаў беларускай савецкай навукі // Весці АН БССР. Серыя грамад. н. 1979, № 1; Особенности палеопотамологии ледниковых областей (на примере Белорусского Понеманья). Мн., 1980; Палеопотамологические эскизы Палео-Дона и Пра-Дона. Мн., 1982.

Літ.: Бібліяграфія навуковых прац акадэміка АН БССР Г.І.Гарэцкага. Мн., 1980; Илькевич Н.Н. Академик Гавриил Горецкий: первое столкновение с ГПУ. К истории высылки за границу отечественной интеллигенции в 1922 году. Смоленск, 1998; Акадэмік Гаўрыла Гарэцкі : Успаміны, артыкулы, дакументы. Мн., 2000; Кригер Н.И. О жизни и научной деятельности Г.И. Горецкого // Бюллетень Комиссии по изучению четвертичного периода. № 37. М., 1970; Меннер В.В., Никифорова К.В. Ровесник века // Известия АН СССР. Серия геолог. н. 1976, № 5; Гарэцкая Г. Дзядзька Гурык // Полымя. 1993, № 1; Гарэцкі Р. Першы арышт // ЛіМ. 1993, 27 жн., 3 верас.; ЭГБ, т. 2.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".