Даведнiкi пiсьменнiка, гiсторыка, энцыклапедыста Леанiда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi»

Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.


Імянны паказальнік (тт. І — ІІІ-2д, .doc, 370 Кб)

Галоўная » Даведнiкi  » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991.  » Том I  » ГАРУН Алесь 

ГАРУН Алесь

[сапр.: Прушынскі Аляксандр Уладзіміравіч; іншыя псеўданімы і крыптанімы: І.Жывіца; А.Новадворскі; Сальвэсь; А.Сумны; А.Г.; І.Ж.; А.Н.; А.Н-і; 11.3.1887, фальварак Новы Двор пад Мінскам — 20.7.1920, Кракаў], паэт, празаік, драматург, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў мінскія гарадское (1897) і рамеснае (1902) вучылішчы. З 1904 далучыўся да партыі эсэраў-максімалістаў. Пачаў публікавацца з 1907 у газ. «Наша ніва». Арыштаваны 4.3.1907 у падпольнай друкарні на вул. Шырокай у Мінску, дзе ў той момант друкавалася адозва «Да ўсіх працоўных». У ліп. 1908 Віленскай судовай палатай асуджаны на ссылку і пажыццёвае пасяленне ў Сібіры. Сасланы ў Іркуцкую губ. З 1914 атрымаў права перамяшчацца па ўсёй Сібіры. Працуючы на Лене, падрыхтаваў зборнік «Матчын дар» і ў 1914 пераслаў яго ў Вільню (выйшаў у 1918). Творчасць Г. прасякнута ідэяй сацыяльнага і нацыянальнага разняволення бел. народа. Хворы на сухоты, вярнуўся ў Мінск у вер. 1917. Віцэ-старшыня Усебеларускага з’езда 1917; удзельнічаў у стварэнні БНР. Рэдагаваў газ. «Беларускі шлях», актыўна выступаў у ёй як публіцыст. У час польскай акупацыі быў членам Беларускай вайсковай камісіі. У 1920 хвароба абвастрылася. Па дарозе на курорт Закапанэ памёр у Кракаве. Яго магіла расшукана ў 1988. У 1991 пра Г. зняты дакументальна-публіцыстычны фільм «Праз сваю хату ўбачыць бацькаву».

Тв.: Матчын дар: Думы і песні 1907—1914 гг. Мн., 1918 (2-е выд.: Мн., 1929; факсім. выд. з 1918: Мн., 1988); Мае коляды. Вільня, 1920; Матчын дар і іншыя творы. Нью-Ёрк; Мюнхен, 1962; Сэрцам пачуты звон: Паэзія; Проза; Драматургія; Публіцыстыка. Мн., 1991.

Літ.: Казбярук У. Светлай волі зычны звон // Гарун Алесь. Мн., 1991; Яго ж. Пакутлівы шлях набыткаў // Полымя. 2002. № 7—8; БП, т. 2; ЭГБ, т. 2.


 
 

© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.

Распрацоўка i дызайн сайта - студыя "Каспер".