Галоўная » Даведнiкi » Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794-1991. » Том I » ГАРБАЧЭЎСКІ Іван Іванавіч
[22.9(4.10). 1800, Магілёўская губ., паводле іншых звестак Чарнігаўская губ. — 9(21).1.1869, Пятроўскі Завод, цяпер Пятроўск-Забайкальскі Чыцінскай вобл., Расія], дзекабрыст, мемуарыст. Па маці звязаны сваяцтвам з архіепіскапам Г.Каніскім. У 1808—17 выхоўваўся ў Віцебскай гімназіі. Пасля смерці маці адмовіўся ад маёнтка і перадаў зямлю сялянам. З 1820 служыў падпаручнікам у артылерыйскай брыгадзе ў Наваград-Валынску (цяпер у Жытомірскай вобл., Украіна). Там у 1823 стаў членам «Таварыства аб’яднаных славян», якое пазней прыняло праграму тайнага Паўднёвага таварыства і злілося з ім. Падчас паўстання Чарнігаўскага пяхотнага палка (29.12.1825 — 3.1.1826) спрабаваў узняць суседнія вайсковыя часці. Арыштаваны 20.1.1826 і зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці. Прыгавораны да смяротнага пакарання. Паводле царскай канфірмацыі пазбаўлены дваранства і 28.9.1827 сасланы на катаржныя работы пажыццёва. Спачатку (са снеж. 1827) змешчаны ў Чыцінскі астрог, у вер. 1830 пераведзены ў Пятроўскі Завод. У 1832 тэрмін скарочаны да 15, пазней да 13 гадоў. Пасля адбыцця пакарання ў 1839 на пасяленні ў Пятроўскім Заводзе. У 1863 яму дазволена жыць у Пецярбургу, але Г. не выкарыстаў гэтай магчымасці. З 1865 выконваў функцыі міравога пасрэдніка Пятроўскай горнай акругі. Пакінуў мемуары і багатую эпісталярную спадчыну. У Пятроўск-Забайкальску ўстаноўлены бюст Г. і мемарыяльная дошка, яго імем названы вуліца і бібліятэка. У Віцебску імем Г. таксама названа вуліца, на будынку былой Віцебскай гімназіі ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
Тв.: Записки. Письма. М., 1963.
Літ.: Алексеев Л. Витебский декабрист // Неман. 1970, № 7; Павлова В.П. Из архива С.П. Трубецкого. Письма И.И. Горбачевского // Сибирь и декабристы. Вып. 4. Иркутск, 1985; Пасэ У.С. Бацькі і дзеці // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1970, № 4; ЭГБ, т. 2; АЗБ.
|
© Леанiд Маракоў, 1997-2016.
Выкарыстанне матэрыялаў сайта для публікацый без дазволу аўтара забаронена.